Парашэнка: Вайна выйшла за межы Украіны, агрэсар паказаў сапраўдны твар
Прэзідэнт Украіны выступіў з заявай з-за тэракту, які здарыўся ў чацвер.
Тэрарыстамі каля ўкраінска-расійскай мяжы быў збіты Boeing 777 кампаніі "Malaysia Airlines", загінулі амаль 300 чалавек. Пятро Парашэнка выказаў спачуванні сем'ям і блізкім ахвяраў. У той жа час ён падкрэсліў, што тэрарызм у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны стаў міжнароднай праблемай.
"Сёння вайна выйшла за тэрыторыю Украіны, — цытуе словы Парашэнкі УНІАН. — Наступствы гэтай вайны ўжо дакаціліся да ўсяго свету... Трагедыя, на жаль, лішні раз даказала, што тэрарызм не лакальная, а сусветная праблема. А знешняя агрэсія супраць Украіны — не толькі наша праблема, гэта пагроза еўрапейскай і глабальнай бяспецы. Яе пераадоленне патрабуе сумесных высілкаў. Сёння ўвесь свет пабачыў сапраўдны твар агрэсара, бо збіццё мірнага самалёта з'яўляецца актам міжнароднага тэрарызму, накіраванага супраць усяго свету. Гэта выклік для ўсяго свету і рашучая воля нашага народу і нязломны дух украінскага войска абавязкова прывядзе да перамогі".
Украінскі прэзідэнт паведаміў пра стварэнне дзяржаўнай камісіі па расследаванню прычын катастрофы. Да яе працы прыцягнутыя спецыялісты Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, а таксама прадстаўнікі Галандыі, Малайзіі і ЗША.
Фота — ria.ru