Пасля заяў Лукашэнкі Дзяржкантроль пачаў 13 крымінальных спраў на камунальнікаў
Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачаў 13 крымінальных спраў на службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка аддзела ДФР КДК Юрыя Кардымона.
Па яго словах, крымінальныя справы за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў пачатыя ў кожнай з абласцей і ў Мінску. Праваахоўнікі лічаць, што службовыя асобы прычынілі істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам у жыллёва-камунальнай сферы. Шкода грамадзянам Беларусі ацэньваецца ў асабліва буйным памеры.
Па звестках праваахоўнікаў, службовыя асобы неабгрунтавана завышалі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і выдаткі, звязаныя з іх аказаннем.
Напрыклад, у Оршы камунальнае ўнітарнае прадпрыемства ў 2013-2015 гадах завышала аб'ёмы аказаных паслуг па зборы, вывазе і абясшкоджванню камунальных адкідаў. Такое завышэнне аб'ёмаў перавысіла 60 тон, а памер фактычна не аказаных паслуг склаў больш за 6 млрд рублёў.
Нагадаем, што 22 лютага кіраўнік Беларусі рэзка адмоўна выказаўся на адрас камунальнікаў у сувязі з рэзкім павышэннем тарыфаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў старшыні Дзяржкантролю пасадзіць дзясятак-другі чыноўнікаў з сістэмы ЖКГ.
Старшыня КДК Леанід Анфімаў канстатаваў, што неабходныя разлікі па "камуналцы" былі праведзеныя, але з прымяненнем на практыцы атрымалася з дакладнасцю да наадварот, усё было зроблена, што называецца, "ад балды".