Pink Floyd выпускаюць у кастрычніку новы альбом “The Endless River”

Гурт Pink Floyd, які ўжо набыў паўлегендарны статус у музыцы, усё ж упарта не жадае ператварацца ў музейную каштоўнасць і рыхтуе новы альбом.

Пра тое, што дыскаграфія Pink Floyd можа папоўніцца новым альбомам, які стане іх першым рэлізам за апошнія 20 гадоў, напісала ў Твітары жонка вакаліста і гітарыста гурта Дэвіда Гілмара. Па словах Полі Сэмсан пласцінка можа ўбачыць свет ужо восенню.

"Дарэчы, альбом Pink Floyd выходзіць у кастрычніку і называецца "The Endless River". Пласцінка будзе заснаваная на сесіях 1994 года, гэта лебядзіная песня Рыка Райта і яна вельмі прыгожая", — напісала Сэмсан.

Нагадаем, клавішнік і адзін з заснавальнікаў гурта Рык Райт памёр ад раку ў 2008 годзе ва ўзросце 65 гадоў.

Больш падрабязна пра будучы альбом распавяла спявачка Дарга Макбрум Хадсан, якая гастралявала з Pink Floyd ў 80-х і ў 90-х, і цяпер ўдзельнічае ў стварэнні альбома "The Endless River".

Па яе словах, запіс пачаўся яшчэ падчас сесій The Division Bell у 1994 годзе. Гэта быў інструментальны сайд-праект, які першапачаткова называўся "The Big Spliff", таму на ім ёсць трэкі ад Рычарда Райта. Пазней Дэвід Гілмар і Нік Мэйсан працягнулі працу над матэрыялам, і ў выніку некаторыя з інструментальных трэкаў ператварыліся ў песні. Спявачка падкрэсліла, што ў альбом увойдуць толькі трэкі, якія раней не выдаваліся.

 

Запіс новага альбома. Фота з ФБ Durga McBroom-Hudson

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі