Pink Floyd заклікаюць да рэюніяна

Бубнач Pink Floyd Нік Мэйсан заклікае сваіх калег адрадзіць легендарны брытанскі рок-гурт, паведамляе Sky News.  Па словах 66-гадовага музыкі, за апошнія гады адносіны паміж удзельнікамі калектыву значна палепшыліся, таму Pink Floyd неабходна ўз'яднацца хоць бы толькі на адзін канцэрт, нават калі былыя калегі не вельмі да гэтага гатовыя.

Нагадаем, што апошні раз гітарыст Дэвід Гілмар, басіст Роджэр Уотэрс, клавішнік Рычард Райт і ўдарнік Нік Мэйсан выступілі разам у 2005 годзе на дабрачынным музычным марафоне Live 8 у Лондане. Гэта быў першы выступ "залатога" складу Pink Floyd за 24 гады. Музыкі выканалі разам чатыры песні: "Breathe", "Money", "Wish You Were Here" і "Comfortably Numb".

У ліпені 2010 года Уотэрс і Гілмар зноў выступілі разам на акцыі ў дапамогу палестынцам. Пасля Уотэрс паабяцаў, што Гілмар яшчэ раз далучыцца да яго на адным з канцэртаў у межах яго гастрольнага тура. Новае турнэ басіста Pink Floyd у гонар 30-годдзя альбома "The Wall" стартавала ў Канадзе.

Паводле меркавання Мэйсана, цяперашняя сітуацыя спрыяе адраджэнню Pink Floyd, і зрабіць гэта трэба, каб паставіць вытанчаную кропку ў гісторыі гурта. Варта адзначыць, што паўнавартаснага рэюніяна культавага гурта на жаль не атрымаецца, бо 15 верасня 2008 года ад рака памёр клавішнік Рык Райт.

Фота: laundelles.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі