Прадпрымальнікаў змусяць працаваць паводле тэхрэгламенту з 1 студзеня?
Такая норма закладзеная ў праекце новага ўказу кіраўніка дзяржавы.
Раней меркавалася, што тэхрэгламент Мытнага саюза пачне дзейнічаць для індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 ліпеня 2014 года. Тыдзень таму віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч заявіў, што дата ўводу тэхрэгламенту пераносіцца на 1 снежня 2013 года. Гэта выклікала шок у прадпрымальнікаў. Яны нават пагражалі, што з 1 снежня 2013 года спыняць працу на рынках.
Пра існаванне праекта ўказу "Пра некаторыя пытанні рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на кіраўніка грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шумчанку.
Паводле дакумента, з 1 студзеня 2014 года прадпрымальнікам нельга прадаваць увозныя з гэтай даты тавары без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Пра бяспеку прадукцыі лёгкай прамысловасці". Да 1 ліпеня ім можна будзе толькі распрадаць рэшткі тавара, увезенага да Новага года.
Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва і старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін пацвердзіў, што знаёмы з праектам указу. Ён кажа, што не ведае аўтараў праекта.
У прэс-службах Мінэканомікі, Мінгандлю, Дзяржстандарту, аднак, кажуць, што пра існаванне гэтага праекта дакумента нічога не ведаюць.
Фота — uvaga.by