Прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай правялі сустрэчу з кіраўнікамі палка Каліноўскага
Падчас сустрэчы прадстаўнікоў Офіса і кіраўніцтва ПКК / t.me/tsikhanouskaya
У Кіеве адбылася сустрэча галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі і яе намесніка ў Аб’яднаным Пераходным кабінеце Паўла Латушкі з кіраўніцтвам палка Каліноўскага. Анлайн да сустрэчы далучалася Святлана Ціханоўская. Як паведамляе яе прэс-служба, сустрэча працягвалася чатыры гадзіны.
Полк Каліноўскага прадстаўлялі яго камандзір Дзяніс Кіт, яго намеснік Вадзім Кабанчук, а таксама камандзір медроты Наста Махамет і прадстаўнік палка Зміцер Шчыгельскі.
У каментары сайту "Зеркало" Павел Латушка адмовіўся паведамляць дэталі сустрэчы. Ён адзначыў, што на пачатку сустрэчы прадстаўнікі Офісу выказалі спачуванне загінулым напярэдадні байцам палка. Мяркуецца, што прадстаўнікі Офісу прымуць удзел у іх пахаванні.
"Мы дамовіліся не даваць ніякія дэталі, але вельмі добрыя ўражанні ад сустрэчы. Змест яе вельмі плённы і мы вельмі ўсцешаныя гэтай размовай. Магу сказаць, што гэта гістарычная падзея для дэмакратычнага руху Беларусі. Я таксама наведаў месца, дзе жывуць байцы. Яны сапраўдныя героі і гонар Беларусі", — падкрэсліў Латушка.
Першая ад пачатку вайны сустрэча Святланы Ціханоўскай з байцамі палка Каліноўскага адбылася 7 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.