Прэйгерман: Лукашэнка проста абазначыў цяперашнюю сітуацыю
Так ацаніў заяву кіраўніка дзяржавы палітолаг Яўген Прэйгерман, адзін з лідараў "Ліберальнага клуба".
Нагадаем, што на сустрэчы са старшынёй Дзярждумы Расіі Сяргеем Нарышкіным Аляксандр Лукашэнка заявіў: беларускім уладам неабходна выбудоўваць нармальныя адносіны з ЕС, аднак не на шкоду Расіі.
На думку Прэйгермана, гэтая заява не азначае нейкага новага павароту ў беларускай палітыцы:
Яўген Прэйгерман: "Мы можам канстатаваць, што на працягу прынамсі апошняга паўгода вельмі актыўна вядзецца дыпламатычная праца на ўзроўні беларускга МЗС дзеля таго, каб выйсці на нейкі перамоўны працэс, які быў бы не толькі закулісны, але і бачны. Які прыносіў бы нейкія вынікі, прынамсі, у дачыненні да таго ж саміту Усходняга партнёрства, што будзе ў лістападзе ў Вільні. Так што абсалютна відавочна, што гэтая праца вядзецца. Абсалютна відавочная ўстаноўка нашага МЗС на менавіта такія вынікі. Я думаю, што гэта і ёсць адлюстраванне такой устаноўкі".
Палітолаг мяркуе, што беларускі кіраўнік абазначыў цяперашні стан адносін з Расіяй і жаданыя адносіны з Еўрасаюзам.
Фота — liberalclub.biz