Пужалі арматурай і ланцугамі, падпальвалі вопратку — наркаразборкі ў Гомелі
Пацярпелымі па гэтай справе прызнаныя 15 чалавек / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Чатырнаццаць маладых мужчын ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў сталі фігурантамі шматэпізоднай крымінальнай справы ў Гомелі. Іх прыцягвалі гаспадары наркакрамы, калі трэба было "пакараць" кур'ераў, якія ў нечым правініліся. Заказчык даваў наводку на закладчыка, а выканаўцы сустракалі яго ля схованкі.
"У якасці застрашвання выкарыстоўвалі біты, металічную арматуру і ланцугі, пярцовыя балончыкі. Былі ўстаноўленыя факты падпалу і разразання адзення, гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару, абразання валасоў, аблівання зялёнкай, выкрадання грошай", — расказваюць у СК. Нападнікі запалохвалі кур'ераў і патрабавалі выбачэнняў перад наркакрамай. Працэс здымалі на камеру мабільнага тэлефона. Відэа затым перасылалі куратарам, пасля чаго атрымлівалі аплату "паслуг".
Пацярпелымі па гэтай справе прызнаныя 15 жыхароў Гомеля і Гомельскага раёна, Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска, Гродна. Сярод ахвяр апынуўся і Гомельскі бадзяга, якога выканаўцы збілі замест замоўленага наркакур'ера ў надзеі падмануць сваіх працадаўцаў.
Абвінавачванні фігурантам — сыходзячы з ролі кожнага — прад'яўленыя па 11 артыкулах КК РБ, у тым ліку "Грабеж", "Разбой", "Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з выявай непаўналетняй, учыненыя арганізаванай групай".
Большасць удзельнікаў злачыннай групы — 12 чалавек — з санкцыі пракурора будуць чакаць суду пад вартай, дваіх адпусцілі пад хатні арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.