П'яны ўкраінец уцякаў ад ДАІ на крадзеным мікрааўтобусе з Гомеля
Даехаць ён здолеў да Кармянскага раёна.
11 жніўня а 2-й гадзіне ночы на вуліцы Яфрэмава ў Гомелі інспектары ДАІ паспрабавалі спыніць мікрааўтобус "Форд-Транзіт". Аднак кіроўца кінуўся ўцякаць ў бок Доўска па аўтадарозе М8 Гомель — Віцебск.
Як паведамляе БелаПАН, даішнікі пачалі пераслед мікрааўтобуса і з дапамогай гукавой і светлавой сігналізацыі загадалі яму спыніцца. Аднак кіроўца працягваў толькі павялічваць хуткасць і віляў па ўсёй шырыні дарогі, выязджаючы нават на паласу сустрэчнага руху, каб яго не змаглі абагнаць.
У вёсцы Гарадок Кармянскага раёна кіроўца з'ехаў у кювет. Выскачыўшы з мікрааўтобуса, ён паспрабаваў збегчы з месца здарэння, але яго дагналі супрацоўнікі ДАІ.
Выявілася, што за рулём быў 24-гадовы непрацуючы п'яны грамадзянін Украіны. Сам мікрааўтобус апынуўся крадзеным.
На кіроўцу склалі восем адміністратыўных пратаколаў і пачалі крымінальную справу. Яго ўзялі пад варту.
Фота: onliner.by