Пяскоў: Пуцін атрымаў інфармацыю пра "КП у Беларусі" і затрыманне Мажэйкі
У Крамлі ў чарговы раз пракаментавалі сітуацыю з газетай "КП у Беларусі" і затрыманым журналістам выдання Генадзем Мажэйкам. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Маскве чакаюць адмены блакіроўкі сайта выдання ў Беларусі. Але ён лічыць, што ў Мінску не чуюць гэтую пазіцыю. Па словах Пяскова, Пуцін атрымаў у дайджэстах інфармацыю і пра сітуацыю з "КП у Беларусі", і пра журналіста Мажэйку.
Прэс-сакратар Пуціна сцвярджае, што ў Маскве дагэтуль не ведаюць дэталяў з затрыманнем Генадзя Мажэйкі, а таксама месца яго затрымання (Беларусь ці Расія). Ён нагадаў, што журналіст з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, таму "Масква дэ-юрэ не можа абараняць яго інтарэсы".
Тым часам заканчваюцца трое сутак з часу затрымання Мажэйкі. Адвакат з ім яшчэ не сустракаўся. У Беларусь прыехаў з Расіі прадстаўнік "Камсамольскай праўды" Валянцін Алфімаў, які спрабуе разбарацца ў сітуацыі. Ён заявіў, што на журналістаў аказваецца "жахлівы ціск".
Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка, дома ў яго адбыўся ператрус. Ён знаходзіўся на Акрэсціна. Мажэйка быў аўтарам публікацыі на сайце "КП у Беларусі" пра загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра. Ужо на наступны дзень сайт выдання ў нашай краіне заблакавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.