Расійскі міністр: Супраць беларускіх кампаній могуць быць уведзеныя санкцыі
Расія разглядае варыянты адказу на затрыманне ў Мінску гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера.
"Тое, што здзейснілі ўлады Беларусі — гэта абсурд поўны, — цытуе словы міністра прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніса Мантурава "Интерфакс-Запад". — І гэтае меркаванне падтрымліваюць кіраўнікі нашай краіны. Калі ў адносінах да нашых прадпрымальнікаў будуць выкарыстоўвацца такія жорсткія санкцыі, якія незразумела, на чым грунтуюцца, то мы адпаведна таксама будзем адносіцца да іх прапановаў аб супрацоўніцтве з іх кампаніямі".
Праўда, міністр прызнае, што канкрэтных прапановаў па санкцыях яшчэ няма.
Кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў панядзелак, 26 жніўня, у Мінску ў аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Масква запатрабавала яго неадкладнага вызвалення.
Фота — ria.ru