ААН заклікае Беларусь вызваліць палітвязняў
Аб гэтым заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванетхем Піллэй.
ААН заклікае беларускія ўлады неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць палітычных апанентаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў, якія не ўдзельнічалі ні ў якіх гвалтоўных акцыях. Гэта адна з рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў дакладзе камісара, прадстаўленым 20 верасня ў ходзе дэбатаў па Беларусі ў Жэневе. Яны адбыліся ў рамках 18-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.
Акрамя таго, вярхоўны камісар рэкамендуе правесці ўсебаковае і аб'ектыўнае расследаванне абставінаў, пры якіх гэтыя людзі былі затрыманыя, а таксама ўсіх выпадкаў катаванняў, аб якіх заяўлялі зняволеныя, паведамляе БелаПАН.