Абвінавачаны ў збіцці наваполацкага кантралёра пазбег турэмнага тэрміну

Наваполацкі гарадскі аддзел Следчага камітэта скончыў следства па справе збіцця кантралёра Людмілы Шахлінай. Хлопец, які, заступіўшыся за маладую сям’ю, цягаў кантралёра за валасы, не будзе сядзець за кратамі.

У следства з’явіліся падставы меркаваць, што выпраўленне абвінавачанага магчыма без ужывання мераў крымінальнай адказнасці, — паведамляе прэс-сакратар Следчага камітэта Беларусі Павел Траулька. — Пад увагу прымаліся чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага ў здзейсненым, поўная кампенсацыя нанесенай шкоды, станоўчыя характарыстыкі з месца вучобы і працы. Апроч таго, цягам следства пацярпелая заявіла хадайніцтва на імя следчага аб спыненні крымінальнай справы. Улічваючы гэтыя абставіны, следствам прынята рашэнне аб спыненні крымінальнай справы і вызваленні абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці. Матэрыялы справы накіраваныя ў суд горада Наваполацка, дзе будзе прынята рашэнне наконт адміністратыўнай адказнасці”.

Нагадаем, што відэазапіс інцыдэнту ў наваполацкім тралейбусе (выклалі ў інтэрнэт пры канцы лістапада) выбухнуў інфармацыйнай бомбай. На відэа паказана, як Людміла Шахліна спрабуе аштрафаваць маладую сям’ю — мужа, жонку і дваіх малых дзяцей: адзін з трох талонаў, якія яны прад’явілі, аказаўся несапраўдным. За сям’ю заступіўся 22-гадовы хлопец Б., які схапіў Людмілу Шахліну за валасы і нахіліў.

Нехта з чытацкай аўдыторыі Еўрарадыё асудзіў "кантралёрафоба", які нанёс Шахлінай траўму шыі: маўляў, хуліган збіў жанчыну. Нехта ўхваляў учынак Б. і скардзіўся на наваполацкую кантралёрку: маўляў, тая не шкадавала нават малых, магла ў помсту за безбілетны праезд высадзіць дзіця на ўскрайку горада.

Сама Людміла Шахліна ў інтэрв’ю Еўрарадыё ў канцы снежня абурылася таму, што яе крыўдзіцель можа пазбегнуць тэрміну ў калоніі. Аднак пасля той гутаркі кантралёрка на сувязь не выходзіць. На платнай паркоўцы аўтапарка №6, куды пацярпелую жанчыну перавялі працаваць пасля інцыдэнту, трубку ёй не перадаюць.

“І я вам нічога не магу сказаць, яе няма. Яна на выхадных, яна з’ехала, — адшывае Еўрарадыё “сястра”, калі мы звязваемся з кватэрай Людмілы Шахлінай. — Чалавеку не трэба лішні раз матаць нервы, яна нічога не хоча. А я вам нічога казаць не буду”.

http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=_WMRyIQBYfU

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі