Актывісты "Гавары праўду!" правялі акцыю да гадавіны аварыі на ЧАЭС
Яны распаўсюджвалі у цэнтры Брэста інфармацыйныя ўлёткі аб наступствах Чарнобыльскай аварыі.
23 красавіка брэсцкія актывісты кампаніі "Гавары праўду!" правялі акцыю, прымеркаваную да 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Маслоўскі, на рынку за ЦУМам з 13.00 да 14.00 яны распаўсюджвалі інфармацыйныя ўлёткі аб рэальных наступствах Чарнобыльскай аварыі. Апрача таго, раздавалі памяткі пра небяспеку радыеактыўна забруджаных прадуктаў харчавання, рэкамендацыі адносна рэжыму харчавання і прыгатавання ежы, скіраваныя на змяншэнне дозы ўнутранага апраменьвання.
Ён дапоўніў, што ў акцыі ўзялі ўдзел пяць актывістаў кампаніі "Гавары праўду!". Усяго яны раздалі каля 500 інфармацыйных матэрыялаў. Акцыя прайшла без затрыманняў.