У Барысаве забаранілі абдымацца на вуліцах
Міліцыянты палічылі Дзень абдымкаў акцыяй, накіраванай супраць беларускай улады.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў арганізатар акцыі "Абдыму бясплатна" Алесь.
Еўрарадыё: У Барысаве міліцыя пераследуе маладзёнаў, што праводзяць акцыю "Абдыму бясплатна". А каго абдымае моладзь?
Алесь: Мы абдымаем любога мінака, калі ён захоча. Мы такім чынам падымаем людзям настрой, таму што большасць людзей цяпер, пад канец лета, ходзяць без настрою. Людзі адчуваюць, што яны патрэбныя, калі хтосьці сумаваў, то ён радуецца.
Еўрарадыё: А як выглядае гэтая акцыя?
Алесь: У нас былі плакаты з надпісамі: "Можна вас абняць"? Чалавек бачыць іх, чытае, а мы падымаем рукі і калі ён хоча, то падыходзіць і мы яго абдымаем.
Еўрарадыё: А каго абдымаеце часцей?
Алесь: Мы не выбіраем, у большасці выпадкаў мы абдымалі пажылых людзей, яны так радаваліся, жадалі нам здароўя, казалі, што гэта вельмі добра, што мы проста так абдымаем людзей.
Еўрарадыё: І што ў гэтым не спадабалася барысаўскім міліцыянтам?
Алесь: Можа быць яны думалі, што ў нас нейкія кепскія намеры, але мы толькі хацелі паказаць, што мы любім нашых людзей і заўсёды рады дарыць ім клопат і добры настрой.
Еўрарадыё: Можа гэта была вельмі масавая акцыя, што заняла ўсю цэнтральную плошчу?
Алесь: Можа ім і падалося, што шмат людзей было. Але ў нас былі плакаты і было бачна, што мы хочам толькі абдымацца. Было нас чалавек дваццаць ці крыху больш.
Еўрарадыё: Колькі адзін чалавек у стане абняць за вечар?
Алесь: Колькі яму захочацца. Кожны мог абдымаць, а мог і не абдымаць. Сілком ніхто нікога не цягнуў, кожны мог сыйсці ў любы момант. Але людзі самі атрымлівалі ад гэтага задавальненне.
Еўрарадыё: Якім чынам міліцыянты забаранялі абдымацца?
Алесь: Яны сказалі, што ніякіх флэшмобаў не павінна адбывацца ў горадзе, таму што гэта забаронена, бо можа ў гэтым існуе нейкі падтэкст супраць нашай улады. Але нічога такога не было. Мы толькі дорым радасць, а ня хочам зрабіць кепска нашай краіне.
Еўрарадыё: А калі б вы сустрэлі мэра, і ён пагадзіўся абняцца бясплатна, вы б яго абнялі?
Алесь: Абняў бы, канешне, з задавальненнем, і не толькі я.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы праводзіць яшчэ якія-небудзь акцыі?
Алесь: Паглядзім, як гэтая акцыя закончыцца. Хутчэй за ўсё, не будзем, бо навошта рызыкаваць людзям. Ніхто не захоча больш такога рабіць, бо падумалі, што мы хочам нейкую шкоду прынесці.