Алеся Бяляцкага этапавалі ў бабруйскую папраўчую калонію №2
Да гэтага праваабаронцу трымалі ў жодзінскай турме №8.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на жонку Бяляцкага Наталлю Пінчук. У папраўчай калоніі №2 раней адбывалі пакаранне актывісты апазіцыі Андрэй Пратасеня і Андрэй Кім.
Нагадаем, што Бяляцкага асудзілі на 4,5 года пазбалення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Міжнародная дэмакратычная супольнасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць Бяляцкага палітвязням і патрабуюць вызваліць яго. Парламентарыі 27 краін — сяброў Савета Еўропы падтрымалі вылучэнне беларускага праваабаронцы на Нобелеўскую прэмію міру.