Андросенка: Я заступіўся за хлопца і мяне пачалі біць нагамі ў твар
Удзельнік учорашняй акцыі ў Мінску Сяргей Андросенка мае намер зняць пабоі і падаць скаргу ў пракуратуру.
Арганізатар Мінскага гей-прайда, праваабаронца Сяргей Андросенка ўдзельнічаў учора у "маўклівай" акцыі ў сталіцы. У жывым эфіры Еўрарадыё ён распавёў пра сваё затрыманне і збіццё.
Еўрарадыё: Учора з'явілася інфармацыя, што цябе збілі. Распавядзі, пры якіх умовах?
Андросенка: "Мяне затрымалі, калі пачалі адціскаць людзей ад Дома прафсаюзаў. І, напэўна, з-за таго, што я быў дастаткова актыўным, у першых шэрагах, калі можна лічыць гэта прычынай затрымання, то мяне затрымалі за гэта. Калі толькі пасадзілі ў аўтобус, то спецназаўцы паводзілі сябе дастаткова карэктна.
Але пасля ў аўтобус завялі хлопца і пачалі яго збіваць. Яго білі па спіне, я заступіўся, сказаў, што так нельга. І за гэта я атрымаў яшчэ больш, чым хлопец… Білі нагамі па твары. На гэтым усё не скончылася. Пасля свае катаванні рабіла міліцыя ў РАУС, адчуваючы сваю безпакаранасць. Міліцыянт, якога я бачыў на акцыі, вывеў мяне ў асобны пакой, пачаў біць па шыі, біць па спіне, ударыў па жываце, пытаючыся, ці памятаю я яго і сказаў, што я "павінен маліцца". Такім чынам ён, напэўна, намякаў на ўдзел у акцыі.
Мне пагражалі, што калі я напішу скаргу ў пракуратуру і яшчэ раз траплюся да іх у Цэнтральны РАУС, мяне будуць збіваць да таго часу, пакуль "задніца не пацячэ г...м", — гэта цытата супрацоўніка міліцыі Цэнтральнага РАУСа".
Еўрарадыё: Што ты будзеш рабіць далей?
Андросенка: "Я паеду здымаць пабоі і буду рыхтаваць скаргу ў пракуратуру, бо так гэта нельга пакідаць — вось так збілі і ўсе. Кожны чалавек, які сутыкаецца з гвалтам, павінен спрабаваць абараніць сябе ў межах той нарматыўна-прававой сістэмы, якая існуе ў краіне, шукаць дапамогі ў сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца асвятляць гэта".
Еўрарадыё: Збілі цябе, збілі на тваіх вачах хлопца ў аўтобусе, не выключана, што былі і іншыя збіцці, не толькі ў Мінску...
Андросенка: "Так. Я ўчора бачыў яшчэ, як каля Дома прафсаюзаў (яшчэ да майго затрымання) затрымлівалі хлопца, гэта бачылі ўсе. Хлопец быў у вянку, ён пачаў нешта моцна крычаць. Ён спрабаваў збегчы, але яго павалілі на зямлю і ўзялі за ногі і за валасы (у хлапца даўгія валасы). Яго так і панеслі — за ногі і за валасы…".
Фота — @idealirony