“Барысаўскім навінам” вярнулі канфіскаваную аргтэхніку
Праўда, прынтэр аказаўся без картрыджа, фотакамера — без флэш-карткі на 8 гігібайт. Вярнуць іх ужо не атрымаецца, лічыць рэдактар газеты Анатоль Букас.
Магчымасці вярнуць тэхніку, якую забралі ў выніку ператрусу яшчэ пасля выбараў у снежні 2010 года, рэдактар дамагаўся шляхам скаргаў у пракуратуру. Толькі праз паўгода яму патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што тэхніку можна забраць.
Супрацоўнікі міліцыі ў прыватнай размове не раілі Анатолю Букасу карыстацца гэтай тэхнікай. Маўляў, доступ да яе мелі спецслужбы і там могуць быць рознага кшталту “жучкі”.