Брэсцкія чыноўнікі прыкрылі адмову ў пікеце жаночым футболам
Гэтым разам у акцыі пратэсту адмовілі актывістам АГП.
Сябра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі з Брэста Уладзімір Вуек патлумачыў:
Уладзімір Вуек: "Мы падавалі заяўку на правядзенне пікета на 18 чэрвеня супраць падвышэння коштаў і зніжэння узроўню жыцця грамадзянаў, а таксама з мэтай папулярызацыі антыкрызіснай праграмы, распрацаванай АГП. Сёння Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт даў нам адказ, у якім нам адмоўлена ў правядзенні пікета, бо “паводле календара спаборніцтваў у гэты дзень на стадыёне “Лакаматыў” адбудуцца гульні першынства вобласці па футболу сярод жаночых каманд”.
Гэта не першы такі адказ, сказаў спадар Вуек. Складваецца такое ўражанне, што з 2007 года на гэтым стадыёне бузупынна гуляюць жаночыя каманды.
У мінулую суботу сацыял-дэмакраты з БСДП (Грамада) таксама не змаглі зладзіць пікет — з-за жаночага футбольнага матчу.
Між тым стадыён “Лакаматыў” з’яўляецца адзіным месцам, вызначаным гарадскімі ўладамі для правядзення масавых грамадскіх акцый, кшталту мітынгаў, пікетаў і дэманстрацыяў.