Femen: Калі бегла на Пуціна і распраналася, бачыла, як змяняецца яго твар

Дзяўчаты з украінскай арганізацыі Femen распрануліся перад Уладзімірам Пуціным і Ангелай Меркель на прамысловым кірмашы ў Гановеры. Яны крычалі нецэнзурныя лозунгі, а на іх целах былі надпісы “Иди на х…, Путин”. Дзяўчат затрымалі.

Еўрарадыё: Як вы плануеце свае акцыі? Як вам удаецца прабрацца на такія сур’ёзныя мерапрыемствы з удзелам кіраўнікоў краін?

Аляксандра Шаўчэнка: Я не буду выдаваць усю схему і тэхнічны бок справы. Самае важнае для таго, каб туды патрапіць — адсутнасць страху перад Пуціным, перад яго ўзброенай аховай. Гэта адсутнасць страху дае нам зялёнае святло. Скажу адно — ніякіх “корачак” у нас не было, мы прайшлі туды як звычайныя наведвальнікі. Астатняе — справа тэхнікі, пра якую мы казаць не будзем.

Еўрарадыё: Гэта не першая ваша акцыя такога кшталту ў Еўропе і вас павінен ведаць у твар увесь Інтэрпол — як вас яшчэ ў Еўрасаюз пускаюць?!

Аляксандра Шаўчэнка: Усё ж такі Еўропа — не Украіна і не Беларусь. І яны пакуль не дайшлі да таго, каб дэпартаваць нас ці накласці забарону на ўезд. Але тое, што яны спрабуюць нас спыніць — гэта, безумоўна, прысутнічае. Праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў альбо з мэтай нас спыніць да акцыі, альбо — каб нас пасля акцыі выдварыць з горада. Да прыкладу, пасля сённяшняй акцыі нам на год забаранілі знаходзіцца на тэрыторыі Гановер-Месэ. Пасля нашай апошняй акцыі ў Ватыкане ад нас запатрабавалі тэрмінова з’ехаць з Італіі. Мы, натуральна, маем права туды вярнуцца, але на той момант ад нас, відаць, каб запалохаць, ад нас запатрабавалі тэрмінова выехаць. Таксама мы вымушаныя былі тэрмінова з’ехаць з Бельгіі пасля акцыі, накіраванай супраць еўрапалітыка Брока. Карацей, яны спрабуюць нешта рабіць, але не могуць сабе дазволіць рабіць тое, што робяць Пуцін альбо Лукашэнка.

Еўрарадыё: Што вам пагражае за сённяшнюю акцыю?

Аляксандра Шаўчэнка: Пасля нападзення на Пуціна супраць нас была распачатая крымінальная справа па артыкуле 132 Крымінальнага кодэксу Германіі. Мы не ведаем, што нам пагражае — сказалі, што гэта будзе вырашаць пракурор ці суддзя. Пакуль нават у паліцэйскім пастарунку не ведаюць, чым гэта можа скончыцца.

Еўрарадыё: Якое было самае жорсткае пакаранне ў дачыненні да актывістак Femen і дзе?

Аляксандра Шаўчэнка: Гэта тое, што здарылася ў Беларусі: выкраданне нашых дзяўчат і тое, што з імі рабілі ў лесе — пагрозы забіць іх. Гэта, напэўна, самае страшнае, што было з нашымі актывісткамі пасля акцый.

Еўрарадыё: Якая была мэта вашай сённяшняй акцыі?

Аляксандра Шаўчэнка: Мы хацелі сказаць яму ў твар: “Ідзі на х***, Пуцін”!

Еўрарадыё: І што, вы спадзяваліся, што пойдзе?

Аляксандра Шаўчэнка: Я думаю, што гэта калі і не паўплывае на тое, што ён робіць, але акажа ўплыў на рускі народ, беларускі, іншыя свядомыя народы, якія ўзбадзёрацца нашым бясстрашшам перад ім. Ён, натуральна, не сыдзе пасля нашых слоў, але калі такіх як мы будуць сотні, тысячы, мільёны, то мы лёгка скінем яго з трона.

Еўрарадыё: Ці думаеце вы падчас акцыі, што вам неабходна паспець збегчы?

Аляксандра Шаўчэнка: Цяпер мы праводзім такія акцыі, калі ў нас ніякага плана адыходу проста не існуе. І мы дзейнічаем па прынцыпе: “Бачу мэты — не бачу перашкод!” Такая ў нас устаноўка.

Еўрарадыё: Звяртаеце ўвагу на рэакцыю тых, супраць каго акцыя накіраваная?

Аляксандра Шаўчэнка: Ведаеце, калі я сёння бегла на Пуціна, то падчас гэтага бегу, распранання і крыку мы глядзелі адно аднаму ў вочы і я бачыла, як змяняецца яго твар са спакойнага, з усмешкай на тое, што вы бачыце на здымках — дурнаваты, з блукаючай усмешкай…

Еўрарадыё: Можа, зацікаўлены?

Аляксандра Шаўчэнка: Зацікаўлены пытаннем: дзе ж у яго ахове дзірка?

Еўрарадыё: Вы цалкам выключаеце саму магчымасць, што ён вамі зацікавіўся як жанчынай?

Аляксандра Шаўчэнка: Глупства! Гэты чалавек — дыктатар, а мы — актывісты. Мы ж здзяйснялі не палавы акт, а палітычны. Ён палітык, а я — не Аліна Кабаева, каб імкнуцца зацікавіць Пуціна!

Еўрарадыё: Ці будзе ваша акцыя ўспрынятая Пуціным як знявага і ці запатрабуе ён ад нямецкіх улад вашага пакарання?

Аляксандра Шаўчэнка: Безумоўна, ён успрыняў гэта як знявагу і ўжо запатрабаваў гэтага ад Меркель. Прэс-служба Крамля ўжо запатрабавала нас жорстка пакараць. Як сказалі ў паліцыі, прычыны нас затрымліваць і распачынаць супраць нас крымінальную справу ў іх няма, але прысутнічае ціск з боку Крамля. Вось, справа і распачатая.

Еўрарадыё: У вас з’явіліся свае актывісткі нават у арабскіх краінах. А ці ёсць у вас беларускі?

Аляксандра Шаўчэнка: Беларускай суполкі ў нас няма. Вы самі ведаеце сітуацыю ў Беларусі, і ведаеце, што ў вашай краіне і жанчынам, і мужчынам складана вырашыцца на актыўнае выяўленне сваіх палітычных поглядаў.

Еўрарадыё: Вас папракаюць тым, што вашы топлес-акцыі страцілі навізну, патрабуюць нечага новага…

Аляксандра Шаўчэнка: Мы ж не Філіп Кіркораў, каб даваць нешта новае! І мы не імкнёмся некаму спадабацца. Мы вядзем сваю палітычную дзейнасць супраць патрыярхату. І не звяртаем увагі на крытыку, што некаму нешта прыелася і хочацца нечага новага!

Еўрарадыё: Ці не плануеце зноў зладзіць акцыю ў Беларусі?

Аляксандра Шаўчэнка: Абавязкова прыедзем! Але ж мы вам не скажам сёння дакладных дат — мы ж сэкстрэмісты. Але ў планах у нас Беларусь ёсць — гэта адназначна!

Актывісткі Femen не ведаюць, якое пакаранне ім пагражае

Фота — femen.org, lenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі