Гродзенца запіхнулі ў аўтазак разам з роварам (фота, відэа)
Калі на Савецкай плошчы пачаўся "хапун", міліцыя затрымала і хлопца, і ягоны транспартны сродак.
Удзельнік акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Дзяніс расказаў Еўрарадыё, што яго затрымалі, калі ён здымаў на відэа, як аднаго з прысутных на плошчы за рукі і ногі цягнуць ў машыну:
"Потым абкружылі мяне і сталі цягнуць у машыну. Я сказаў, што ў мяне там ровар. Яны сказалі, каб узяў ровар і павялі мяне да машыны".
У пастарунак Кастрычніцкага раёна прывезлі каля 30 чалавек. Сярод затрыманых былі і вядомыя грамадскія актывісты: жонка палітвязня Алеся Кіркевіча Надзея Крапівіна, старшыня гродзенскага аддзелу партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, лідар "Аб’яднанай грамадзянскай партыі" Зміцер Бандарчук. Трапілі "пад раздачу" карэспандэнтка польскага радыё TOK FM Агнешка Ліхнэровіч і аператар TVP Барыс Чарняўскі.
Журналістаў выпусцілі пасля, таго як пастарунак наведалі польскія консулы. Міліцыя з дыпламатамі паразмаўляла на прыступках будынка, не дазволіўшы тым зайсці ўсярэдзіну.
Нагадаем, калі ўдзельнікі акцыі прыйшлі ў цэнтр горада, там ужо ішоў канцэрт, прысвечаны працоўнаму моладзеваму семестру. Тады "рэвалюцыянеры" дэманстратыўна павярнуліся спінай да сцэны. Гэта група людзей і стала аб’ектам павышанай увагі міліцыянтаў. Спачатку яны абкружылі незацікаўленых мясцовай эстрадай і раптоўна пачалі выхопліваць адтуль хлопцаў і дзяўчат.