Міліцыянты выпусцілі ўсіх затрыманых удзельнікаў круглага стала ў Мінску
Яго паседжанне аднавілася на сядзібе Партыі БНФ.
Круглы стол на тэму "Пытанне рэформы сістэмы МУС: досвед суседзяў і выклікі для Беларусі" павінен быў пачацца раніцай 28 траўня. Аднак яшчэ да пачатку яго сарвалі міліцыянты. Як нагадвае БелаПАН, яны затрымалі сем чалавек і без усякіх тлумачэнняў даставілі ў пастарунак.
Сярод затрыманых былі чацвёра замежнікаў — трое грамадзян Украіны і грамадзянка Расіі з відам на жыхарства ў Польшчы.
Затрыманне адбылося каля 12 гадзінаў дня. Пасля высвятлення асоб затрыманых усіх іх адпусцілі з міліцыі на працягу трох гадзін. Міліцыянты растлумачылі затрыманне тым, што да іх нібы паступіў званок пра бойку ў памяшканні, дзе сабраліся ўдзельнікі круглага стала.
Праваабаронца Алег Гулак кажа, што міліцыянты пры затрыманні дапусцілі безліч парушэнняў закону.