Святлана Вінаградава: Мой муж ніякіх просьбаў не пісаў
Жонка вызваленага палітвязня Паўла Вінаградава пагутарыла з Еўрарадыё адразу пасля радаснай весткі.
Еўрарадыё: Як і адкуль вы даведаліся, што вашага мужа сёння вызваляюць?
110914 GarohavikS.mp3
Вінаградава: “Спачатку ў інтэрнэце я знайшла інфармацыю пра тое, што памілавана адзінаццаць чалавек. Адразу пасля гэтага я патэлефанавала ў калонію. Спачатку там мне сказалі, што ў іх пад рукой няма спісаў і што пра майго мужа паведаміць нічога не могуць. Праз некаторы час я ператэлефанавала, і мне паведамілі, што Вінаградава памілавалі”.
Еўрарадыё: Ці ўдалося вам з ім паразмаўляць?
Вінаградава: “Не, пакуль што я не мела такой магчымасці. Але спадзяюся хутка яго пачуць”.
Еўрарадыё: Ці напісаў ваш муж прашэнне аб памілаванні?
Вінаградава: “Наколькі я ведаю, у мінулую суботу Паўлу прапаноўвалі напісаць такое прашэнне, аднак ён адмовіўся. Я не ведаю, што было потым, але я ўпэўненая, што прашэння ён не пісаў.”
Еўрарадыё: Як вы плануеце яго сустракаць?
Вінаградава: “Шмат сяброў збіраецца яго сустракаць. Разам з імі буду я, ягоныя бацькі, родныя”.
Еўрарадыё: Вы пабраліся шлюбам з Паўлам, калі ён быў у калоніі. Ці ёсць планы неяк адзначыць гэтую падзею на волі?
Вінаградава: “Мы планавалі кудысьці паехаць, але не ведаю, як хутка гэта адбудзецца. А ўвогуле планавалі паехаць адпачыць у Італію”.