Трэнер Надзеі Астапчук: Змяню прозвішча Яфімаў на Ідыёт

На прэс-канферэнцыі па “справе Астапчук” было паведамлена, што “дагістарычны” допінг быў падсыпаны ў ежу Надзеі Астапчук падчас трэніровачных збораў. А зрабіў гэта… сам трэнер спартсменкі Аляксандр Яфімаў.

Выходзіць, паважаны беларускі трэнер з глузду з’ехаў! Падсыпаў Надзеі допінг, ад якога не было практычнага сэнсу.

Журналіст Еўрарадыё быў у Раўбічах, дзе нібыта падсыпалі допінг, і зразумеў: падсыпаць “парашок” у ежу спартсменкі без яе ведама там няпроста. Хіба што за сталом, пакуль Надзея адвярнулася. 

Дзе зараз увогуле трэнер Аляксандр Яфімаў? Няўпэўнена тэлефануем яму, бо, можа быць, чалавека ўжо затрымалі праваахоўныя органы.

Аляксандр Яфімаў: Не чытайце ў інтэрнэце і не глядзіце газет! Але я пакуль ад каментарыяў устрымаюся, — адказвае трэнер на тэлефанаванне.

Еўрарадыё: Аляксандр Мікалаевіч, напісалі, што вы сказалі, вы прызналіся…

Аляксандр Яфімаў: Ага… (саркастычным тонам. — Еўрарадыё)

Еўрарадыё: …не быў упэўнены ў выніку, таму падсыпаў.

Аляксандр Яфімаў: Я змяню прозвішча, Яфімаў на Ідыёта. Больш пакуль каментаваць не буду.

Еўрарадыё: Вы адмаўляеце, што самі падсыпалі допінг? Гэта няпраўду напісалі?

Аляксандр Яфімаў: Я ж не кажу, што адмаўляю. Я кажу, што проста змяню прозвішча. А больш пакуль каментаваць не буду. Вось дачакаемся рашэння Міжнароднай федэрацыі, а потым будзем каментаваць. Потым я скажу, што я казаў, а што я не казаў…

Раней старшыня НАДА Аляксандр Ванхадла, які выступаў на прэс-канферэнцыі па “справе Астапчук”, сам тлумачыў, што выкарыстоўваць такі допінг не мела сэнсу.

“Няма сэнсу за такі кароткі тэрмін прымаць гэты прэпарат, таму што максімальная эфектыўнасць дзеяння гэтага прэпарата звязана з яго накапленнем”, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксандр Ванхадла.  

Спецыяліст выказвае меркаванне, што, верагодна, трэнер вырашыў падсыпаць спартсменцы допінг з псіхалагічных матываў.

Аляксандр Ванхадла: "Хутчэй за ўсё спадзяваліся, што гэта маленькая доза дасць мінімальны штуршок і не будзе зафіксаваная допінг-спробай".

Еўрарадыё: Ці распачата ў адносінах да трэнера крымінальная справа?

Аляксандр Ванхадла: "У нас у краіне за гэта дзеянне не прадугледжана крымінальная адказнасць. Пакуль. Пакаранне – толькі па Сусветным антыдопінгавым кодэксе (дыскваліфікацыя, — Еўрарадыё)".

Тэлефануем самой Надзеі Астапчук і пытаемся, ці ведае яна нешта пра прызнанні свайго трэнера і ці казаў трэнер падобнае.

Надзея Астапчук: “Я яшчэ не ў курсе ўсяго гэтага. Я была не ў Мінску. Толькі вось зараз дадому вяртаюся…”

Пазней у інтэрв’ю goals.by Надзея выказалася, што не верыць у вінаватасць свайго трэнера. 

Ні штурхальніца ядра, ні яе трэнер  удзелу ў прэс-канферэнцыі не бралі. Складаецца ўражанне, што Астапчук і Яфімаў прымаюць удзел у спектаклі. Праўда, калі канчаткова апынецца, што допінг Астапчук падсыпалі, то яна будзе дыскваліфікаваная толькі на год і зможа выступіць на наступных Гульнях. Трэнер пры такім раскладзе застанецца без афіцыйнай  працы на чатыры гады.

Рабіце высновы самі.

Фота cvesn.com i klbviktoria.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі