У Парыжы патрабавалі вызваліць Алеся Бяляцкага (фота)
Акцыя ў падтрымку беларускага праваабаронцы прайшла ўвечары 11 траўня каля будынка мэрыі 11-й акругі Парыжа.
Як інфармуе БелаПАН, на сходзе выступілі прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн, мэр акругі Патрык Блош, яго намеснік па міжнародных адносінах П'ер Шапіра. Аратары заклікалі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі, вызваліць усіх палітвязняў, аб'яднаць сілы міжнароднай супольнасці ў гэтым пытанні.
На акцыю прыбылі амбасадары па правах чалавека шэрагу краін Еўрасаюза, у тым ліку Швецыі, Аўстрыі, Венгрыі і Францыі. Былі таксама праваабаронцы з Афрыкі, Магрыба, Амерыкі, Азіі, Заходняй і Усходняй Еўропы.
Нагадаем, што Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Праваабаронцу абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. Насамрэч грошы на рахунках прысвячаліся на праваабарончую дзейнасць.
Фота — spring96.org