У Польшчы патрабуюць не выдаваць Беларусі ніякіх уцекачоў
Каля Генеральнай пракуратуры Польшчы 7 красавіка прайшла акцыя супраць супрацоўніцтва паміж Беларусю і Польшчай у юрыдычнай сферы.
Удзельнікі мерапрыемства таксама звярнулі ўвагу на ўціск у Беларусі незалежных журналістаў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Андрэй Жукавец. Ён адзначыў наяўнасць выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі з палітычных матываў вымушаныя пакінуць Беларусь і просяць палітычнага прытулку ў Польшчы, але іх спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па сфабрыкаваных справах у Беларусі.
Жукавец дадаў, што гэта не апошняя акцыя. На наступным тыдні падобная акцыя пройдзе перад Міністэрствам юстыцыі, а потым перад Сэймам Польшчы. Арганізатары маюць намер працягваць яе, пакуль не дасягнуць канкрэтных вынікаў.
Па словах Жукаўца, 7 красавіка ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 30 чалевек. На расцяжках, якія трымалі пікетоўцы, былі такія заклікі, як "Выкінуць дамову паміж Беларуссю і Польшчай у сметніцу". Напрыканцы акцыі ўдзельнікі перадалі генпракурору пісьмовы пратэст.