"Сапфір" і "Баражавальная труба": якая зброя распрацоўваецца ў Беларусі
На рэпетыцыі вайсковага парада ў Мінску / Еўрарадыё
Выстава ўзбраенняў Milex пройдзе ў Мінску ў канцы чэрвеня. Ужо цяпер Дзяржкамваенпрам дае справаздачу аб галоўных сваіх навінках, якія там пакажуць. Еўрарадыё вывучыла, што цікавага распрацавала беларуская "ваенка" і што трапіць на ўзбраенне не толькі ў наша войска, але і пойдзе на экспарт.
Ударныя дроны для дня і ночы
Беларускі ваенпрам асядлаў тэму беспілотнікаў некалькі гадоў таму, калі ім кіраваў цяперашні прэм'ер Раман Галоўчанка. Пачалі, зразумела, з сістэм процідзеяння дронам. Але з часам рукі дайшлі і да ўласнага наступальнага ўзбраення.
Канструктарскае бюро "Дысплэй" стварыла дроны "Квадра-1400" і "Баражавальная труба". Яны выкарыстоўваюць процітанкавыя гранаты РПК-26. Выпрабаванні беспілотнікаў прайшлі паспяхова.
"У красавіку 2021 года спецыялісты прадпрыемства правялі выпрабаванні ў дзённых і начных умовах з паспяховым паражэннем цэляў. Канструкцыйныя рашэнні гарантуюць надзейную эксплуатацыю ў раёнах не толькі з умераным кліматам, але і ў пустынных мясцовасцях з высокай тэмпературай, а таксама ва ўмовах высакагор'я", — анансуюць у камітэце.
Гранатамёт для стральбы з будынкаў
Свой гранатамётны комплекс на выставе пакажа "Белспецзнештэхніка". Назвалі яго паэтычна — "Сапфір". Праўда, ён усё роўна ў колерах мілітары.
Як анансуюць у Дзяржкамваенпраме, "Сапфір" прызначаны "для барацьбы з сучаснымі асноўнымі баявымі танкамі, браняванымі, лёгкабраняванымі і небраняванымі цэлямі, паражэння жывой сілы праціўніка ў сродках індывідуальнай бронеабароны, якая знаходзіцца ў бункерах, дзотах, лёгкіх сховішчах палявога тыпу, збудаваннях гарадскога і сельскага тыпаў".
"Адметная асаблівасць гранатамёта — магчымасць вядзення стральбы з малапамерных закрытых памяшканняў, дзякуючы малому калібру і плаўнаму старту рэактыўнай гранаты", — пішуць у камітэце.
"Сапфір" сапраўды дастаткова кампактны: даўжынёй 75 сантыметраў і вагой чатыры кілаграмы. Максімальная далёкасць стральбы — кіламетр.
Грузавік, дзе і паспаць можна
Войска — не толькі зброя, але і асабовы склад. Вось і прадпрыемства "Агат — электрамеханічны завод" прадставіць на Milex новы грузавы аўтамабіль для перавозкі салдат.
Мяркуючы па анонсе, аўтамабіль разлічаны на перавозку падраздзялення складам да 22 чалавек. У ім ёсць 18 спальных месцаў і адносныя выгоды: санітарна-бытавы адсек з прыбіральняй, мікрахвалёўкай, плітой, імбрычкам і халадзільнікам.
"Эксплуатацыя вырабу можа ажыццяўляцца ў любых кліматычных умовах у дыяпазоне тэмператур ад -40 да +50 °C на дарогах усіх катэгорый праходнасці", — адзначаюць у камітэце.
Хваляцца распрацоўшчыкі і тым, што абсталяванне аўтамабіля дазваляе "вырашаць задачы дыстанцыйнага патрулявання альбо нясення дзяжурства ў асаблівых умовах і, пры наяўнасці неабходных запасаў вады і правізіі, падтрымліваць на працягу 4–7 дзён жыццядзейнасць вайскоўцаў, якія знаходзяцца на борце".
Дарэчы, у час пратэстаў у Мінску ўжо былі заўважаныя аўтамабілі для перавозкі асабовага складу, абсталяваныя ложкамі. Але гэта, магчыма, была папярэдняя мадэль.
Ноўтбук супраць дронаў
"КБ Радар" абяцае прадставіць комплекс распазнання беспілотнікаў "Кіраса-М".
Мяркуецца, што гэты апарат можа вызначаць месцазнаходжанне і ідэнтыфікаваць беспілотнікі. Мяркуючы па відарысах, апублікаваных распрацоўшчыкамі, ён проста падключаецца да ноўтбука.
Машына для інфармацыйнай вайны
Яшчэ адно прадпрыемства ваенпрама — МНІПІ — стварыла незвычайны мабільны комплекс. Гучыць як апісанне чагосьці для "інфармацыйнай вайны".
"Комплекс прызначаны для аналізу інфармацыйных матэрыялаў, якія размяшчаюцца на электронных рэсурсах, распрацоўкі і вырабу аўдыё, відэа і друкаваных матэрыялаў", — анансуюць распрацоўшчыкі.
Акрамя таго, абсталяванне дапамагае дэманстраваць кантэнт, праводзіць трансляцыю, перадаваць інфармацыю на спадарожнікі, а таксама праводзіць маніторынг тэлебачання.
Топ-пастаўшчык узбраенняў
У пачатку сакавіка Стакгольмскі міжнародны інстытут даследаванняў праблем міру (SIPRI) уключыў Беларусь у топ-20 спіса найбуйнейшых экспарцёраў зброі.
Гадавы аб'ём экспарту прадукцыі Дзяржкамваенпрама ацэньваецца ў суму больш за 1 млрд долараў. У цэлым больш за 70% усёй прадукцыі ідзе за мяжу.
Асноўныя партнёры беларускага ВПК традыцыйна — Кітай і Расія. Акрамя таго, вядома пра гандаль беларускай зброяй з ААЭ і Азербайджанам.
SIPRI у якасці асноўных кліентаў беларускай "ваенкі" пазначаў таксама В'етнам, Сербію і Судан. Цікава, што ў В'етнам, паводле ацэнак Інстытута, і зусім ідзе чвэрць усяго экспарту беларускіх узбраенняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.