Сепаратысты з “Наваросіі” патрабуюць яшчэ адзін гуманітарны канвой ад Расіі
Пра гэта заявіў журналістам адзін з лідараў баевікоў, “старшыня сацыяльна-эканамічнага штабу Народнага фронту Наваросіі” Дзяніс Пушылін.
“Трэба канстатаваць, што дапамога РФ толькі патушыць пажар, і яна цалкам не вырашыць сітуацыю. Ёсць неабходнасць, каб гуманітарныя канвоі працягваліся… Другую частку канвою мы чакаем у Данецку”, — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
Па словах Пушыліна, яго паплечнікі маюць намер стварыць бясплатныя сталовыя для насельніцтва, каб не дапусціць, “калі людзі будуць паміраць з голаду”, перадае УНІАН.
22 жніўня расійскія ўлады абвясцілі, што не будуць чакаць праверкі ўсяго падрыхтаванага імі “гуманітарнага грузу” і ў аднабаковым парадку накіравалі Камазы на Данбас.
У Чырвоным Крыжы паведамілі, што іх прадстаўнікі не суправаджалі грузавікі з Расіі да Украіны, як было дамоўлена раней. Аднабаковае рашэнне Расіі накіраваць “гуманітарны канвой” асудзілі ЗША і ЕС, а НАТО заявіла, што спосаб дастаўкі гэтай дапамогі можа сведчыць пра тое, што Расія хацела дапамагчы сепаратыстам, а не мірным жыхарам на Данбасе.