Шматдзетная сям’я цягам пяці гадоў здымае ў Мінску кватэру за 1000 долараў

Канцэртны менеджар Алег Ціханаў, яго жонка, дызайнер цацак, Таццяна і іх чацвёра дзяцей жывуць у здымнай кватэры на вуліцы Пуліхава ў Мінску, плацяць тысячу долараў у месяц. І так пяты год запар.

Набыць сваё жыллё ў сталіцы ці вобласці сям'я не можа — няма адразу вялікай сумы грошай, а браць крэдыт пад сённяшнія адсоткі рызыкне не кожны беларус, не тое, што шматдзетны. Стаць у чаргу на будаўніцтва жылля маладыя людзі таксама не могуць — разам з дзецьмі яны зарэгістраваныя ў Светлагорску ў маленькай аднапакаёўцы, якая дасталася Алегу ў спадчыну ад бацькі. У Мінску яны пражываюць па дагаворы найму, а па законе будаваць жыллё ў сталіцы праз чаргу можна толькі афіцыйна пражыўшы тут 10 гадоў. Атрымаць пастаянную рэгістрацыю і, адпаведна, магчымасць будаваць кватэру па ільготах для шматдзетнай сям'і — таксама не варыянт: знайсці жыллё ў Мінску ці Мінскім раёне, у якім можна адначасова зарэгістраваць 6 чалавек і заплаціць за кожнага мінімум 200 долараў + налог — нерэальна.

Адзіная магчымасць атрымаць уласнае жыллё — ехаць у Светлагорск, дзе Ціханавым прапанавалі кватэру, як шматдзетнай сям'і. Але вяртацца ў райцэнтр Алег не бачыць сэнсу:

"Навошта мне ў Светлагорску кватэра, горадзе, у якім я 23 гады не жыву са сваіх 34-х гадоў?! Мяне не звязвае нічога з гэтым горадам. Уся мая сям'я ўзнікла ў Віцебску, дочкі нарадзіліся ў Мінску, каб пракарміць такую колькасць чалавек, патрэбныя добрыя грошы. Магчыма, у Светлагорску ёсць нейкая праца, але не ў маёй сферы! Навошта мне яшчэ адна кватэра ў Светлагорску, за якую я буду плаціць камунальныя? Прадаць я яе не змагу цягам пяці гадоў, здаць у Светлагорску чатырохпакаёўку — нерэальна! Хіба што, за 50 долараў!”

Да таго, як пераехаць у Мінск, Алег і Таццяна жылі ў Віцебску: спачатку вучыліся, а потым працавалі ў дырэкцыі фестываля “Славянскі Базар”. Афіцыйна зарэгістравацца ў культурнай сталіцы Беларусі атрымалася толькі ў Алега, жыла сям’я зноў жа на здымнай кватэры. У даведцы пра склад сям’і ў Алега быў пазначаны ён і бабуля, якая яго прапісала, адпаведна, у чарзе ён мог стаяць за аднапакаёўкай. Аднак мужчына з працы звольніўся, ад бабулі выпісаўся, пачаў працаваць канцэртным мэнэджарам пачаў беларускіх гуртоў Osimira і “Троіца”, замежных — “Воплі Відоплясова”, Ніно Катамадзэ, Zorgi, таму новым горадам для жылля быў абраны Мінск, адкуль можна даляцець куды заўгодна.

“Мінск — не наша мэта, — запэўнівае Алег. — Мы гатовыя развіваць гарады-спадарожнікі. Можам паехаць у Смалявічы, Лагойск, Дзяржынск, але не ў Светлагорск”.

Для гэтага Ціханавы вырашылі скарыстацца дзяржаўнай праграмай, якая, па словах Алега, дазваляе, стоячы на чарзе ў Светлагорску, атрымаць зямельны ўчастак у той жа Мінскай вобласці.

“Некалькі разоў з’ездзілі ў Смалявіцкі раён, — працягвае мужчына. — Маўляў, добры дзень, мы прапісаныя ў Светлагорску. Пакажыце, дзе ў вас участкі. Участкі аказваліся ў балоце. У прамым сэнсе. Побач стаяць дамы, бачна, што яны пабудаваныя некалькі гадоў таму, але там ніхто не жыве. Там ні свету, ні газу няма. Проста балота. Далей ёсць добрыя ўчасткі, але мясцовыя ўлады кажуць, што яны прызначаныя не для такіх, як мы”.

Льготамі, якія дзяржава выдзяляе для шматдзетных сямей, Ціханавы таксама збольшага не карыстаюцца, бо, кажуць, іх атрыманне шмат у чым залежыць ад месца рэгістрацыі. Адзінае, што старэйшыя хлопчыкі бясплатна харчуюцца ў школе, а дзяўчынка “са зніжкай” наведвае дзіцячы садок. Часам бясплатна ходзяць у Батанічны сад і катаюцца на атракцыёнах. На гэтым дапамога дзяржавы для Ціханавых заканчваецца. Выходзіць, што ўсё будзе добра, калі вы будзеце строга прытрымлівацца агульнапрынятых чыноўнікамі схем. Як толькі вы выпадаеце з сістэмы — вашы праблемы.

“Ім трэба ехаць у Светлагорск — такі прыгожы горад! — раіць дэпутат Палаты Прадстаўнікоў па Светлагорскай выбарчай акрузе №46 Галіна Філіповіч. — У дадзенай сітуацыі яны вымушаныя выканаць усе патрабаванні, прад’яўленыя да тых, хто мае патрэбу ў будаўніцтве жылля ў катэгорыі "шматдзетныя". Для гэтага мы і пішам законы, каб быў нейкі агульнапрыняты парадак і было зразумела ўсім іншым, чаму гэтае пытанне вырашылася так, а не інакш. Мы ж не можам дапусціць хаос у краіне, каб людзі вырашалі пытанні так, як уздумаецца. Ім трэба ўважліва вывучыць прававую базу, бо ніхто не пойдзе па-іншаму. Бо ёсць яшчэ адзін закон, вельмі жорсткі, “Аб карупцыі”, калі службовай асобе, якая прыняла рашэнне за межамі закона і яе паўнамоцтваў, будзе зададзенае пытанне: “З якім інтарэсам вы гэта вырашылі? Адпаведна, службовая асоба, як выканаўца, не будзе ўлічваць ніякія чалавечыя факты кшталту “ну, гэта добрая сям’я і нам хацелася ёй дапамагчы””.

Ціханавы кажуць, што ніколі не выпячваюць сваю “шматдзетнасць” і не просяць у дзяржавы бясплатную кватэру для шматдзетнай сям’і.

“Нам патрэбная проста магчымасць, як звычайным людзям, у якіх і дзеці тут нарадзіліся, і праца тут, і падаткі тут выплачваем, і школы і садкі тут, стаць на чаргу”, — тлумачыць Таццяна.

Алег дадае: “Тут звычайная матэматыка. Я плачу тысячу долараў за здымную кватэру. Я б гэтую тысячу мог бы плаціць у якасці крэдыту на ўласную кватэру, а такі крэдыт большы, чым тое, што мы мусім выплачваць дзяржаве за льготнае жыллё для шматдзетных. Я б даваў дзяржаве такім чынам зарабляць. Але дзяржава мне кажа: “Няма чаго! Няхай зарабляе Вася Пупкін, у якога ўжо сем кватэр, ён іх здае і стаіць на чарзе яшчэ за адной”.

Еўрарадыё паспрабавала звязацца з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Святланай Шылавай, якая займаецца ў тым ліку і праблемамі шматдзетных сямей, і даведацца пра яе погляд на вырашэнне пытання Ціханавых. Аднак Святлана Дзмітрыеўна папрасіла сям’ю ўласна прыйсці да яе на прыём, калі тая з’яўляецца… жыхарамі паўночна-заходняй акругі, дзе выбіралася дэпутат.

Натуральна, можна папракнуць Ціханавых у тым, што фактычна шматдзетная сям’я адмаўляецца ад дапамогі дзяржавы, і яшчэ ў знакамітым “панаехалі”. Але згодна з 30 артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзяне краіны могуць самі выбіраць сабе месца жыхарства:

“Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад”.

З іншага боку, наша сацыяльна арыентаваная дзяржава настолькі загнала сябе ў межы бюракратыі, што вырашэнне па-сутнасці простай праблемы (пастаноўка на чаргу) становіцца немагчымым: маўляў, Ціханавы — не героі Беларусі, а такія, як усе, дык чаму іх пытанне мусіць вырашацца ў індывідуальным парадку?

Пакуль у Ціханавых ёсць два варыянты: набыць камерцыйнае жыллё ў Мінску, што нерэальна, ці ехаць у Светлагорск. На лісты, якія сям’я дасылае ў шматлікія інстанцыі з просьбай паставіць іх на ўлік тых, хто мае патрэбу ў жыллі, прыходзіць адзін адказ:

Праўда, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны ўсё ж не выключаюць, што праблему можна вырашыць. Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі