Шрайбман: вырасла "нябітае" пакаленне, і ўлады павышаюць цану пратэсту
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё
"Аб'яднанне штабоў паказала, што калі ў вас ёсць дакладная мэта змяніць уладу, то аб'яднанне адбываецца вельмі хутка. Калі такой мэты няма, тады і атрымліваюцца бясконцыя праймерыз", — лічыць палітычны аналітык Арцём Шрайбман. З рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком ён абмяркоўвае апошнія пратэсты, жорсткую рэакцыю ўладаў і магчымае ўвядзенне санкцый ЕС.
...а паслязаўтра зоймуць усю плошчу
Шмат што залежыць ад пазіцый штабоў і ад таго, як і чым будуць запалохваць сілавікі. Магчымыя таксама новыя "справы Белага легіёна", анансаванне правакацый, каб збіць у беларусаў жаданне пратэставаць. Улады цяпер робяць усё, каб не дапусціць паўтарэння сцэнара 2010 года. Гэта была траўма для беларускіх уладаў.
Таму і робяцца дэманстратыўна жорсткія дзеянні на раннім этапе. Пра гэта ж шчыра сказаў кіраўнік МУС Юрый Караеў. Улады не хочуць даваць гэтым пратэставым настроям разрастацца, і ў гэтым ёсць аўтарытарная логіка. Бо калі вы даяце адчуванне, што ўсё можна, то сёння людзі стануць у ланцужок, а паслязаўтра зоймуць усю плошчу.
Сённяшні размах пратэстаў — вынік таго, што ўжо шмат гадоў не было рэпрэсій фармату 2011 года. Вырасла "нябітае" пакаленне, якое не памятае на сабе гэтых рэпрэсій. Людзі адвыклі, што бываюць крымінальныя справы. І ўлада зразумела, што трэба ў галовах людзей павышаць цану пратэсту.
Незадаволенасць у "нелегальным" полі
Гэта новы феномен, які гаворыць пра радыкалізацыю пратэсту. Калі ўлада абмяжоўвае легальныя механізмы для выказвання незадаволенасці, гэта падштурхоўвае да гвалту. Паколькі рашэнне пра гэты працэс прымае ўлада, на ёй ляжыць і адказнасць. Калі не даеш магчымасць выказаць незадаволенасць у легальным полі, яна будзе выходзіць у "нелегальнае".
І пакуль што ва ўлады няма іншай рэакцыі на гэта, акрамя як павышаць градус сваіх рэпрэсій. Я менш перажываю за Мінск, ёсць адчуванне, што тут працуюць людзі, якія навучаны працаваць з пратэстамі. Але калі такое будзе адбывацца ў рэгіёнах — можа быць усё больш жорстка.
Вяртанне народнай любові
Я лічу, што на штыках сядзець можна, але доўга — нязручна. Ты пачынаеш трапляць у залежнасць ад лаяльнасці сілавікоў, не можаш больш абапірацца на электаральную большасць, таму што разумееш, што яе няма. Можа змяніцца баланс сіл унутры наменклатуры.
Лукашэнка ў душы — папуліст, яму некамфортна, калі за ім меншасць. Яго хвалюе тое, што цяпер адбываецца, жарты пра 3%, яму важна адчуваць сябе выразнікам думкі большасці, хай не 80%, але хаця б 55-60%. Калі гэтага няма, пачынаюцца нервы, усведамленне, што знаходзішся ў варожым асяроддзі людзей.
Я не бачу відавочнага шляху для вяртання народнай любові. Эканоміка сама па сабе ў стагнацыі, прымаюцца эканамічныя рашэнні ад больш-менш разумнай манетарнай палітыкі да менш разумнай палітыкі. Гэта можа нас акунуць у новы крызіс. У гэтай сітуацыі непрапарцыйна вялікую ролю будуць іграць сілавікі.
Аб'яднанне штабоў дазволіць усім застацца ў кампаніі
Гэта найлепшае тактычнае рашэнне, таму што гэта дазваляе ім усім застацца рэлевантнымі ў гэтай кампаніі. Інакш бы цікавасць згасала. Улічваючы, што ў штабе Ціханоўскай адбываецца поўны хаос, штабы Бабарыкі і Цапкалы будуць важкімі гульцамі. Для іх гэта магчымасць працягнуць палітычнае існаванне. Адправіць сігнал, што барацьба працягваецца, і вярнуць энтузіязм частцы людзей.
Гэтая сітуацыя паказала, што, калі ў вас ёсць дакладная мэта, аб'яднанне адбываецца вельмі хутка. Іх мэта — змяніць уладу. Калі такой мэты няма, тады і атрымліваюцца бясконцыя праймерыз.
Санкцыі Еўрасаюза як хіміятэрапія
Думаю, з 2010 года планка для Беларусі павысілася. Лукашэнку трэба зрабіць нешта нашмат больш брутальнае, чым у 2010 годзе, каб выйсці на той узровень міжнароднай ізаляцыі.
І Брусель, і асобныя сталіцы ЕС разумеюць, што, калі ўвядуць санкцыі, гэта замарозіць стасункі з Беларуссю на шмат гадоў і падштурхне краіну ў абдымкі Пуціна. Кропкавыя санкцыі ў кожным разе пасылаюць сігнал, што "краіна таксічная".
На мой погляд, санкцыі — гэта такі інструмент, як хіміятэрапія. Яна можа забіць пухліну, але і можа забіць шмат спадарожнага. Улічваючы сітуацыю ва Украіне, перамовы па інтэграцыі, я лічу, ЕС да ўвядзення санкцый падыходзіць баіцца. Гэта механізм, у якога ёсць і плюсы, і мінусы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.