Штаб Цапкалы падаў у ЦВК скаргу па забракаваных подпісах
Штаб прэтэндэнта ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы даслаў скаргу ў ЦВК наконт сапраўднасці подпісаў. Да скаргі дадзеная тысяча заяваў грамадзян, чые подпісы прызнаныя несапраўднымі, піша TUT.by.
Як вядома, пасля адбракоўкі подпісаў выбаркамы налічылі за вылучэнне Цапкалы толькі 75 тысяч подпісаў, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Агулам каманда Цапкалы падала 160 тысяч подпісаў.
Ужо на пасяджэнні 14 ліпеня Цэнтрвыбаркам можа назваць імёны кандыдатаў у прэзідэнты. У штабе Цапкалы кажуць, што знайшлі парушэнні ў працы тэрытарыяльных выбаркамаў, якія правяралі подпісы.
Чальцы штаба пераправерылі забракаваныя подпісы. Па іх словах, у некаторых раёнах подпісы правяраліся з ксеракопіі падпісных лістоў. Таксама каманда Цапкалы заяўляе, што прэтэнзіі камісій, быццам даты ў падпісных лістах людзі ставілі не самі, не падмацаваныя ацэнкамі экспертаў.
"Мы можам канстатаваць, што камісіі чапляліся да нашых подпісаў і подпісаў Віктара Бабарыкі. Сёння была накіраваная скарга на тэрытарыяльныя камісіі на адрас кіраўніцтва ЦВК разам з больш чым адной тысячай заяваў ад грамадзян, подпісы якіх былі прызнаныя несапраўднымі", — цытуе TUT.by словы кіраўніка штаба прэтэндэнта Андрэя Ланкіна.
Сам Цапкала адзначае, што Цэнтрвыбаркам не адмаўляе сапраўднасць подпісаў за яго вылучэнне. Прэтэнзіі ёсць толькі да таго, што не супадаюць почырк людзей у пастаўленых датах і подпісах.
"Высветлілася, што ніхто не ставіць пад сумнеў 160 тысяч подпісаў, якія мы сабралі. Гэта рэальныя людзі, выбарцы Рэспублікі Беларусь, якія выказалі сваё волевыяўленне і пажадалі бачыць мяне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты", — падсумоўвае прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду.
У яго штабе мяркуюць, што на пасяджэнні 14 ліпеня Цапкала будзе зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.