Служба бяспекі "Уралкалія" ўзяла пад ахову менеджараў кампаніі
Служба бяспекі асцерагаецца, што КДБ Беларусі выкрадзе супрацоўнікаў, супраць якіх у Мінску пачалі крымінальную справу.
Пра гэта піша расійская газета "Известия". Паводле інфармацыі выдання, рызыку затрымання менеджараў ацэньваюць як высокую. Служба бяспекі кажа, што супрацоўнікі КДБ ўсталявалі ў Маскве кругласутачныя пасты і сочаць адразу за некалькімі менеджарамі "Уралкалія".
Каля іх дамоў з'явіліся машыны, у якіх кругласутачна знаходзяцца невядомыя мужчыны. За самімі менеджарамі і іх аўтамабілямі ідзе "хвост". Калі Служба бяспекі "Уралкалія" стала правяраць, то высветлілася, што гэта пасты беларускіх спецслужбаў.
Тым не менш, ахоўнікі расійскай кампаніі не сталі звяртацца з заявай да прадстаўнікоў сваіх спецслужбаў, каб тыя праверылі законнасць дзеянняў у Расіі сілавікоў з Беларусі.
Нагадаем, што ў мінулую пятніцу супрацоўнікі КДБ Беларусі паспрабавалі затрымаць на Ленінградскім вакзале Масквы менеджара Дзмітрыя Самойлава. Некалькі аператыўнікаў у цывільным знялі яго проста з цягніка. Толькі ўмяшанне расійскай паліцыі змусіла беларускіх кадэбістаў пакінуць прадстаўніка "Уралкалія" ў спакоі.
Фота — uralkali.com