Страхавая кампанія: У суткі да нас звяртаецца 150 турыстаў па медстрахоўках

Загінулага ў Егіпце аршанца Аляксея даставяць у Беларусь 30 траўня. Паводле сведчанняў сваякоў, той атруціўся ежай у рэстаране. Страхавая кампанія не ўзялася дастаўляць цела загінулага на радзіму, бо той, нібыта, памёр ад алкаголю.

”Пры спрыянні амбасады цела адпраўленае 29 траўня і прыбудзе 30 траўня. Раім у адпачынку ўжываць прадукты глыбокай перапрацоўкі, не есці тое, што прадаецца на вуліцы. Не варта ўжываць мясцовы алкаголь. Ну і страхавацца ў беларускіх страхавых кампаніях”, — тлумачаць беларускім турыстам у консульстве нашай краіны ў Егіпце.

Як даведваецца Еўрарадыё, загінулы хлопец меў страхоўку… расійскай кампаніі. Беларуская б дапамагла, упэўніваюць у “Белдзяржстраху”.

“Знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення — гэта не стоадсоткавая адмова страхавой кампаніі. Напрыклад, ішоў у нумар і машына збіла. Калі няма наўпроставай сувязі паміж ап’яненнем і няшчасным выпадкам, то наша страхавая кампанія разглядае гэты выпадак як страхавы. У нас норма па праміле — 0,3”, — адказвае начальніца ўпраўлення медыцынскага страхавання Людміла Кулак, калі пытаю пра выпадак з загінулым беларускім турыстам у Егіпце.

І гаворыць пра праблемы з расійскімі страхоўшчыкамі. Не могуць давезці дадому і не маюць стасункаў з консульствам.

“Гэта праблема. Калі вы набываеце тур, а там расійская ці ўкраінская страхоўка — гэта не добра для нашага турыста. Там ёсць франшызы: калі чалавек мусіць заплаціць 30 еўра за паслугу, а ўжо астатняе страхавая кампанія. Калі турыст зламаў нагу-руку, пачынаюцца праблемы з транспарціроўкай. Расіяне вязуць толькі ў Маскву, украінцы — у Кіеў”, — тлумачыць спецыяліст. І дадае, што ў суткі па медыцынскіх страхоўках звяртаецца да 150 чалавек.

У беларускіх турфірмах часта набываюць туры з расійскімі полісамі. Тыя таннейшыя, тлумачаць Еўрарадыё ў кампаніі “Лентяй”.

“Калі чалавек набывае тур з вылетам з Масквы ці з Кіева, ён набывае маскоўскі пакунак, дзе ўключаны расійскі страхавы поліс. Многія ляцяць умоўна танна. У нас не вялікі паток такіх людзей. І мы ўсім раім набываць беларускія страхоўкі, бо ў выпадку разборак нейкіх так будзе прасцей”, — тлумачаць у турфірме.

Нават беларуская страхавая кампанія не пакрые лячэнне, калі вы едзеце катацца на лыжах, але не пазначаеце, што будзеце актыўна займацца спортам, тлумачаць у кансультацыйным цэнтры “Белдзяржстраха”. А вось калі ўпалі з ровара ці скутара, дапамогуць.

“Калі разава пайшлі, заплацілі, пакаталіся — гэта разава. Гэта відавочна будзе страхавым выпадкам”.

Летась з Беларусі выехала паўмільёна турыстаў. Асноўныя напрамкі: Расія, Украіна, Балгарыя, Грэцыя, Егіпет.

Фота: medsputnik.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі