Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын: "Падобна на рэйдарскі захоп"
Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын 21 траўня на прэс-канферэнцыі пракаментаваў сітуацыю. Паводле яго слоў, за кратамі на сённяшні дзень па "справе TUT.by" знаходзяцца 15 чалавек.
"На дадзены момант нам не ўдаецца аднавіць партал у выглядзе люстэрка, — кажа Валошын. — Скажу, што знікненне доступаў да нашых сервераў падобна на рэйдарскі захоп".
"Нават калі Мінінфарм вынес пастанову аб блакаванні TUT.by на тэрыторыі Беларусі, замежныя карыстальнікі павінны мець магчымасць заходзіць на сайт, як і супрацоўнікі кампаніі, — працягвае Кірыл Валошын. — Будзем спрабаваць чыніць нашы мабільныя прыкладанні на ўсіх платформах і аднаўляць TUT.by на іншым дамене".
Таксама будуць звароты ў Мінінфарм, каб "спрабаваць дамовіцца, каб выдаліць артыкулы, [за якія заблакавалі сайт]".
TUT.by заблакаваны ў Беларусі з 18 траўня. У той жа дзень была распачата крымінальная справа, прайшлі ператрусы і затрыманні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.