Сяргей Міхалок запісаў "навагоднюю прамову рэзідэнта РБ" (відэа)

Лідар гурта "Ляпис Трубецкой" у сваёй прамове заявіў, што абавязваецца ў 2014 годзе "ўступіць шараговым чальцом у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, хоць бы задняй датай, заслужыць званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь", стаць ганаровым жыхаром горада-героя Мінска".



Міхалок паабяцаў граць бясплатна на фэстах "Дажынкі" і "Славянскі базар", а таксама арганізаваць канцэртны марафон у тэатры эстрады, прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.



"Абяцаю пракусіць руку дысідэнту і рэтраграду Лявону Вольскаму, каб ён не змог граць на гітары і складаць свае разбуральныя, пахабныя і вульгарныя песенькі. Абяцаю напісаць і апублікаваць у "Советской Белоруссии" рэцэнзію-пасквіль на кнігу "Паланэз" крымінальніка і псеўдапаэта Някляева, якую ён мне ўсунуў, скарыстаўшыся маім секундным замяшаннем на схадняку маргіналаў у суседнім варожым Еўрасаюзе".



Міхалок паабяцаў "здаць усе мянушкі, паролі, яўкі, каналы, спецагентаў ЦРУ і Масада, якія забяспечвалі яго інструкцыямі ў апошні час па разгойдванні лодкі стабільнасці ў роднай Беларусі".



"І, вядома ж, я распушчу групу "Ляпис Трубецкой" і буду выступаць сольна пад сваім праўдзівым прозвішчам Зільберштэйн", — заявіў музыка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі