Сёння хакейная зборная Беларусі гуляе са Швецыяй
У чацвер пройдуць чатыры матчы 1/4 фінала сусветнага першынства.
Беларусы правядуць свой паядынак на "Мінск-Арэне", пачатак а 21-й гадзіне. На жаль, за зборную Беларусі на гэтым першынстве больш не згуляе брамнік Віталь Коваль — у яго траўма калена. Як вядома, траўмаваны і Андрэй Мезін. У выніку, у беларускай зборнай застаўся толькі адзін брамнік — Кевін Лаланд. Можа не згуляць у матчы са Швецыяй з-за траўмы і нападаючы Міхаіл Грабоўскі. Рашэнне аб яго ўдзеле будзе прынятае на працягу дня, паведаміў учора галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Глен Хэнлан.
У іншых чвэрцьфіналах сёння згуляюць: Канада — Фінляндыя ("Чыжоўка-Арэна", пачатак а 16-й гадзіне), Расія — Францыя ("Мінск-Арэна", 17.00), ЗША — Чэхія ("Чыжоўка-Арэна", 20.00).
Паўфіналы пройдуць у суботу, 24 траўня, а фінал і матч за "бронзу" — 25 траўня. Усе гэтыя паядынкі адбудуцца на "Мінск-Арэне".