Сёння Лукашэнка сустрэнецца з прэм’ерам Пакістана Навазам Шарыфам
Працягваецца двухдзённы афіцыйны візіт кіраўніка Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Пакістане. У чацвер ён сустрэўся ў Ісламабадзе з прэзідэнтам Мамнунам Хусейнам (на здымку зверху). Кіраўнік Беларусі гаварыў пра поспехі ў двухбаковым супрацоўніцтве і пра праблемы.
Лукашэнка: "У нас вельмі эфектыўна развіваюцца адносіны. У нас няма практычна ніякіх праблемаў у сферы палітыкі, мы супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях, падтрымліваем адзін аднаго. Я думаю, што гэтым шляхам трэба ісці... Што датычыць эканомікі, тут нам трэба сур'ёзна папрацаваць".
Беларусь спадзяецца, што ў бліжэйшы час удасца павялічыць пастаўкі айчыннай прадукцыі ў Пакістан.
У пятніцу кіраўнік Беларусі сустрэнецца з прэм’ерам Навазам Шарыфам (менавіта ён сустракаў Лукашэнку ў аэрапорце). Запланаванае падпісанне двухбаковых дакументаў.
Фота: БЕЛТА, відэа: АНТ