Сёння пачынаецца суд над журналістам Дзмітрыем Баяровічам і яго жонкай
Дзмітрый і Валерыя Баяровічы / prisoners.spring96.org
У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння пачынаецца судовы працэс над журналістам Дзмітрыем Баяровічам і яго жонкай Валерыяй. Іх судзяць за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Справа заведзеная паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Разглядаць яе будзе суддзя Юлія Інчына, паведамляюць праваабаронцы.
Баяровіча разам з жонкай затрымалі ў сакавіку ля іх дома. Дзмітрый выходзіў з пад'езда, калі на яго накінуліся сілавікі. Да яго выбегла жонка. Яе таксама затрымалі. Пасля гэтага сілавікі разам з затрыманымі пайшлі ў кватэру, дзе зладзілі ператрус.
Баяровіч раней працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТБ, але ў 2020 годзе звольніўся ў знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый. У 2012 годзе ў выдавецтве "Галіяфы" выйшла яго дэбютная кніга"Шалі". Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя і Валерыю Баяровічаў палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.