Трох беларусаў затрымалі ў Гданьску па падазрэнні ў фішынгу
Затрыманы ў Гданьску беларус
У польскім Гданьску затрымалі трох грамадзян Беларусі. Польская паліцыя падазрае іх у звычайным і камп'ютарным махлярстве. Паводле версіі паліцыянтаў Гданьска, мужчыны выманілі ў сваіх ахвяр больш за 33 тысячы злотых (больш за 8300 еўраў).
Беларусам 21, 33 і 42 гадоў адпаведна. У паліцыі мяркуюць, што яны займаліся фішынгам з дапамогай BLIK — польскай сістэмы мабільных плацяжоў, якая дазваляе пераводзіць і здымаць грошы з дапамогай аднаразовых згенераваных кодаў. Гэтыя коды махляры вымагалі пад выглядам пакупнікоў на аўкцыёне, кур'ераў або супрацоўнікаў банка. Паведамляецца, што ва ўсіх выпадках пасля размовы пацярпелыя зразумелі, што сутыкнуліся з махлярствам, і паведамілі пра гэта ў паліцыю.
Беларусаў затрымалі каля банкамата, калі яны спрабавалі зняць чужыя грошы з дапамогай кода аднаго з пацярпелых. Пры даглядзе аўтамабіля беларусаў супрацоўнікі паліцыі выявілі некалькі тысяч злотых і 110 еўра.
Нашых суайчыннікаў вінавацяць па 12 эпізодах махлярства і камп'ютарнага махлярства. Ім пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.