У 2023 годзе ўлады працягнуць аплочваць з бюджэту даўгі цэментных заводаў
"Крычаўцэментнашыфер"
У 2023 годзе ўлады прадоўжаць аплочваць з бюджэту даўгі трох беларускіх цэментных заводаў. Пастанова Савета міністраў пра гэта апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Гаворка пра працэнты па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных Беларусбанкам і Банкам развіцця на мадэрнізацыю трох прадпрыемстваў цэментнай галіны: ААТ "Беларускі цэментны завод", ААТ "Крычаўцэментнашыфер" і ААТ "Краснасельскбудматэрыялы". Мадэрнізацыя прайшла так удала, што заводы да гэтага часу не могуць расплачвацца па сваіх даўгах.
Працэнты па крэдытах будуць аплачаныя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры. Выплаты будуць ажыццяўляцца ў рублях. Па рублёвых крэдытах — у памеры стаўкі па крэдыце, але не больш за 100% ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Па крэдытах у доларах і еўра — у памеры стаўкі па крэдыце, але не больш за 7% гадавых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.