У Беларусі пройдзе маладзёжны чэмпіянат свету па хакеі
У Беларусі пройдзе маладзёжны (U-20) чэмпіянат свету ў першым дывізіёне (група "А"). Такое рашэнне было прынята 24 траўня на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея. Двое канкурэнтаў — Данія і Славенія — свае кандыдатуры знялі. У выніку прайшло галасаванне па двух кандыдатах — Беларусі і Аўстрыі. Беларуская заяўка перамагла аўстрыйскую — 16 супраць 9, паведамляе прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі.
Чэмпіянат свету пройдзе ў нашай краіне 8–14 снежня сёлета. За адзіную пуцёўку ў эліту пазмагаюцца маладзёжныя зборныя Беларусі, Даніі, Аўстрыі, Латвіі, Славеніі і Нарвегіі.