У ЕС занепакоеныя жорсткім абыходжаннем у Беларусі з затрыманымі
У ЕС занепакоеныя жорсткім абыходжаннем у Беларусі з затрыманымі "за палітыку". Амбасадар Еўрасаюза ў нашай краіне Дырк Шубель пракаментаваў TUT.by апошнія падзеі.
"Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выканання законнасці, — кажа Шубель. — Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расследуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці".
Як вядома, у дзяржаўнай прапагандзе, у выказваннях Аляксандра Лукашэнкі гучаць фактычна абвінавачванні на адрас патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі ў дачыненні яго да незаконнай дзейнасці. Яго звязваюць са справай "Белгазпрампанка", якім ён да нядаўняга часу кіраваў. Там прайшлі ператрусы і затрыманні, праўленне Нацбанка ўвяло часовую адміністрацыю па кіраванні гэтым банкам. Да таго ж прайшлі затрыманні ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы Бабарыкі.
Амбасадар Еўрасаюза ў Беларусі занепакоены паведамленнямі праваабаронцаў пра выпадкі жорсткага абыходжання з боку сілавікоў, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрымання асобаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Ён заклікаў улады нашай краіны неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў ды выконваць міжнародныя абавязкі згодна з Канвенцыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць катаванняў. А, як вядома, Беларусь з'яўляецца яе ўдзельніцай.
"Такія крокі будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі і ўмацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці", — кажа Дырк Шубель. Ён нагадаў, што тое, як пройдуць прэзідэнцкія выбары, "будзе мець ключавое значэнне для далейшага развіцця шматбаковых адносінаў з Беларуссю". Раней гэта прагучала ў сумеснай заяве прадстаўніцтва ЕС, амбасадаў Вялікабрытаніі і ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.