У Гомелі пачаўся закрыты суд над светлагорскімі "рэйкавымі партызанамі"
Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Дзмітрый Равіч / spring96.org
У Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс па справе "рэйкавых партызан" са Светлагорска, паведамляюць праваабаронцы. Фігурантаў трое: Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.
Мужчын абвінавачваюць у падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі (СЦБ) на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" 28 лютага. Гэта перагон на лініі Жлобін-Калінкавічы. Кожнаму выстаўленыя абвінавачанні па чатырох артыкулах КК, у тым ліку па артыкуле "Акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК РБ) і "Здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК РБ). У сярэдзіне чэрвеня Дзікуна, Равіча і Малчанава ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Раней Следчы камітэт казаў, што фігурантам гэтай справы можа пагражаць смяротнае пакаранне. Але юрыст Павел Сапелка тлумачыць, што такое пакаранне ім прызначыць не могуць. Папраўкі ў КК, якія пашырылі прымяненне смяротнага пакарання, працуюць толькі "ў дачыненні да дзеянняў, учыненых пасля 29 мая 2022 года — дня ўступлення ў сілу адпаведных паправак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.