У Латвіі паведамілі ўмовы, пры якіх пусцяць аўто з беларускімі нумарамі
Мяжа Латвіі
Латвія вырашыла дазволіць пропуск некаторых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Поўная забарона была ўведзеная месяц таму ў рамках новых санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі.
Служба фінансавай разведкі назвала ўмовы, пры якіх такі аўтамабіль можа быць прапушчаны праз мяжу.
Будзе дазволены ўвоз аўтамабіля, які належыць:
— грамадзяніну дзяржавы-чальца ЕС або аднаму з яго бліжэйшых сваякоў, які пражывае ў Беларусі;
— грамадзяніну Беларусі, які мае дзеючую візу або від на жыхарства ў ЕС.
Абаязковыя ўмовы:
— аўтамабіль павінен увозіць непасрэдна ўладальнік;
— транспарт павінен быць прызначаны для асабістага карыстання, не для продажу.
Канчатковае рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку застаецца за Службай фінансавай разведкі Латвіі. Яна мае права дазволіць уезд, але не абавязаная гэта рабіць.
Для дазволу ўезду ў Латвію на сваім аўто грамадзянін Беларусі павінен падаць наступныя дакументы:
—️ заяву на ўвоз транспартнага сродку ў Латвію;
—️ копію агульнаграмадзянскага пашпарта;
— копію пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку;
— копію арыгінала дзеючай візы або віду на жыхарства.
Усе дакументы падаюцца на дзяржаўнай латышскай мове. Выключэнне складаюць копіі дакументаў, якія сведчаць асобу, і пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.