У Мінкульце распрацоўваюць "канцэпцыю культурнага імпартазамяшчэння"
Над "імпартазамяшчэннем" думаюць ужо і ў Мінкульце / t.me/minkultrb/
У Міністэрстве культуры РБ распрацоўваюць праграму "канцэпцыі культурнага імпартазамяшчэння". Гэтаму пытанню была прысвечана нарада, якая прайшла з удзелам міністра культуры Анатоля Маркевіча. У ёй паўдзельнічалі не толькі супрацоўнікі Мінкульта, але і Мінадукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук і нават "кіраўнікі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў".
Падрабязнасці нарады прэс-служба Мінкульта не паведамляе. Вядома толькі, што ўжо падрыхтаваныя адпаведныя дакументы, якія і абмяркоўваліся.
Вясной пра "паэтапнае культурнае імпартазамяшчэнне" гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Прадстаўніца Мінкульта Ірына Дрыга гаварыла, што гэтая праграма разлічана на 2024-2026 гады. З яе слоў вынікае, што "імпартазамяшчэнне" чакаецца ў музыцы, песні, літаратуры, кіно і тэатры.
Міністэрства культуры пры міністры Маркевічы актыўна ўдзельнічае ў прапагандысцкіх мерапрыемствах рэжыму Лукашэнкі. З 2020-га адбываецца "зачыстка" ўстаноў культуры. Сам Анатоль Маркевіч распавядаў, што за "палітыку" звольнілі сотні людзей. Ён іх лічыць "здраднікамі". Нямала з іх пабывалі за кратамі, былі вымушаны з'ехаць за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.