У Мінску каля метро могуць знесці будынкі, якія арандуюць Burger King і KFC

У Мінску каля метро могуць знесці будынкі, якія арандуюць Burger King і KFC

Мінскія ўлады патрабуюць ад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "РэвіТар Інвест" знесці будынкі каля выхадаў са станцый метро "Усход", "Пушкінская" і "Каменная Горка". Чыноўнікі сцвярджаюць, што аб’екты пабудаваныя самавольна. Як інфармуе Радыё Свабода, "РэвіТар Інвест" у 2015 годзе адмовілася знесці свае кавярні каля выхаду са станцыі метро "Усход". Гэтага патрабавала сербская кампанія "Зомэкс Інвэстмэнт" (яна ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings, яе кантралююць сербскія бізнесмены Багалюб і Драгамір Карычы, якія асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам). Ад гэтага часу і пачаліся праблемы з уладамі.

Уладальнік "РэвіТар Інвэст" Сяргей Тарасюк кажа, што сербскі забудоўшчык не хоча, каб нехта быў побач. Дамовіцца пра нейкую кампенсацыю не атрымалася ("Мы вас зруйнуем і нічога плаціць не будзем"). Тарасюк падкрэслівае, што яго кампанія пабудавала дзясяткі аб'ектаў у сталіцы і на іх ёсць усе дазволы Мінгарвыканкама. Але якраз з выканкама прыйшоў ліст пра "самавольна пабудаваныя" аб'екты.

"Яны прапанавалі нам самім іх ацаніць і заплаціць у бюджэт горада рынкавы кошт, — кажа Тарасюк. — То бок купіце самі свае аб’екты па рынкавым кошце. Нам сказалі, што недзе наверсе прынятае рашэнне. Прайшлі дзясяткі нарадаў, мы нанялі юрыстаў. Але ў выніку ўлады проста адмянілі свае ж рашэнні аб выдзяленні нам участкаў, аб праве на праектаванне і будаўніцтва. Але мы ўжо пабудавалі будынкі і эксплуатуем іх".

Суд прызнаў, што мінскія ўлады свае рашэнні адмянілі законна. Рашэння суда пра знос будынкаў няма, таму патрабаванні Мінгарвыканкама не выконваюцца, адзначае ўладальнік "РэвіТар Інвэст". "Сітуацыя цяпер у падвешаным стане", — кажа Сяргей Тарасюк. Чакаецца адказ з Генпракуратуры. Рада па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце Беларусі падтрымала беларускага бізнесмена.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі