У Мінску ва ўчастковыя выбаркамы не ўвайшоў ніводзін апазіцыянер

Мінскія ўлады не уключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі ў склад участковых выбарчых камісій сталіцы. Гэтым яны паказалі, што хочуць цалкам кантраляваць яўку выбарцаў на прэзідэнцкіх выбарах, заявіў агенцтву БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі назірання "Права выбару" Дзяніс Садоўскі.

Агулам у Мінску сфармавана 717 участковых камісій. У іх вылучалі сваіх прадстаўнікоў тры апазіцыйныя партыі: ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі — 62 чалавекі, ад Партыя БНФ — 44, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) — сем. Таксама 19 чалавек вылучала грамадскае аб'яднанне "БНФ "Адраджэньне". Ніводзін з іх не трапіў у склад камісій.

На думку Садоўскага, ва ўмовах крызісу ўлады хочуць найбольш пільна кантраляваць Мінск як самы пратэстны горад. Таму прадстаўнікі апазіцыі не трапілі ў склад участковых выбаркамаў.

Садоўскі дадаў, што кампанія "Права выбару" выставіць максімальную колькасць назіральнікаў у сталіцы, каб "даведацца і агучыць рэальную яўку ў Мінску". На яго думку, яўка на сёлетніх выбарах не будзе перавышаць 30-35%.

Дарэчы, па ўсёй Беларусі ва ўчастковыя выбаркамы ўключаныя 32 прадстаўнікі апазіцыі. Гэта складае 0,05% ад агульнай колькасці чальцоў выбаркамаў.

У кампанію па назіранні за выбарамі "Права выбару" уваходзяць прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кампаніі "Гавары праўду", руху "За Свабоду", Партыі БНФ, Беларускай партыі "Зялёныя", незалежнага прафсаюза РЭП, аргкамітэта Партыі свабоды і прагрэсу.

Фота: postawy.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі