У Мінску затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык
4 верасня ў Мінску затрымалі апазіцыйную актывістку Вольгу Мікалайчык. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў яе паплечнік Леанід Кулакоў.
Па яго словах, каля паштовага аддзялення на вуліцы Валгаградскай у 19.20 да Мікалайчык падыйшоў чалавек у цывільным, паказаў пасведчанне і пасадзіў яе ў сіні мікрааўтобус.
З мікрааўтобуса Мікалайчык здолела затэлефанаваць сваёй сяброўцы Наталлі Міцкевіч і таксама паведаміць пра затрыманне, перадае Радыё "Свабода". Раней Мікалайчык была асуджаная на 10 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю салідарнасці з палітвязьнямі і супраць ваенных баз Расіі напрыканцы чэрвеня ў Менску.
Апошнім часам шэраг актывістаў былі затрыманыя ў Мінску па адкладзеных прысудах. 26 жніўня за краты трапіў Максім Вінярскі, а 28-га — Мікалай Статкевіч, які адбыў пяцісуткавы арышт і ўжо выйшаў на волю.