У Рэчыцы затрыманых за "экстрэмізм" адправілі ліквідаваць наступствы ўрагану

Вячаслаў Садчанка і Даніла Кузняцоў

Вячаслаў Садчанка і Даніла Кузняцоў / калаж "Палескай Вясны"

У Рэчыцы на ліквідацыю наступстваў урагану накіравалі двух маладых людзей, затрыманых па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмізму", піша "Палеская Вясна".

Звесткі пра затрыманне 21-гадовых Вячаслава Садчанкі і Данілы Кузняцова з'явіліся ў ліпені. Іх "правапарушэнне", на думку сілавікоў, было ў тым, што хлопцы чыталі ў інтэрнэце недзяржаўныя крыніцы інфармацыі, а Садчанка яшчэ і перапошчваў гэтую інфармацыю ў адзін з мясцовых чатаў.

Нядаўна абодвух маладых людзей накіравалі ў нейкае мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб яны там ліквідавалі наступствы ўрагану. У сярэдзіне ліпеня стыхія пранеслася над некаторымі раёнамі Гомельшчыны, у тым ліку Рэчыцкім. Прадстаўнікі ўлады заявілі, што такім чынам яны "далі шанс загладзіць віну, не трапіўшы на нары".

Аднак на прымусовыя працы хлопцы не з'явіліся. Таму цяпер ім пагражаюць новым затрыманнем і зняволеннем.

Як расказвала Еўрарадыё, пасля ўрагану Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў адправіць на яго ліквідацыю палітвязняў. Відавочна, Садчанка і Кузняцоў трапілі ў лік тых, каго міліцыя вырашыла выкарыстаць такім чынам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі