Украінскі ваенны эксперт: Беларускі спецназ трэніруецца на Данбасе

Для Украіны існуе "пастаянная сістэмная пагроза з боку Беларусі". З такой заявай выступіў Аляксей Арастовіч, украінскі ваенны эксперт, у мінулым — кадравы афіцэр Узброеных сіл Украіны, разведчык, капітан запасу. Ён даў вялікае інтэрв'ю ўкраінскаму выданню "Обозреватель", у якім адказваў на шматлікія пытанні, прысвечаныя сітуацыі на Данбасе, баяздольнасці ўкраінскага войска, а таксама эфектыўнасці ваеннага камандавання.

Арастовічу задалі пытанне, "наколькі рэальнай з'яўляецца праблема анэксіі Беларусі і пагроза ваеннага ўварвання з яе тэрыторыі, а таксама выкарыстанне беларускага войска ў вайне з Украінай?"

Арастовіч: "Анэксія немагчымая. А ўдзел расійская арміі ва ўварванні з боку Беларусі — так, гэта варыянт, які пастаянна адпрацоўваецца расіянамі. Яны з беларусамі, нягледзячы на ўсе запэўніванні "бацькі", праводзяць сумесныя вучэнні ў гэтых адносінах. Беларускія вайсковыя спецыялісты ваююць у нас тут г. зн. іх спецназ прыязджае сюды патрэніравацца, паўдзельнічаць і г. д. Гэтая сітуацыя неадназначная. У прыватнасці, з-за гэтага даводзіцца трымаць вялікую групоўку на беларускай мяжы, прымаць меры. Мы не можам усе сілы засяродзіць у АТА, таму што ў нас пастаянная сістэмная пагроза з боку Беларусі, гэта так".  

На відэа гэтыя словы гл. ад 1.07.50.

Нагадаем, дагэтуль было вядома пра ўдзел беларусаў ва ўзброеных фармаваннях, як украінскіх сілавікоў, так і сепаратыстаў. Аднак гаворка ішла пра асобных людзей, а не пра падраздзяленні ці "вайсковых спецыялістаў", пра якія гаворыць украінскі эксперт. Дарэчы, ніякіх доказаў Арастовіч не прывёў.

Раней Еўрарадыё зрабіла серыю рэпартажаў пра беларуса-спецназаўцаў, якія ваююць за "ДНР":

Чым займаліся сепаратысты-беларусы да вайны на Данбасе

“Усе беларусы, якія ваююць за Наваросію, падтрымліваюць Бацьку”

Дзядзька сепаратыста-беларуса: Ён харошы, толькі, бывае, башню яму сарве

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі